11 лютага, калі Паўсюдны Касцёл адзначае Сусветны дзень хворых, у лідскай бальніцы адбыўся сакрамэнт намашчэння хворых. Таксама разам са сваім душпастырам кс. Юрыем Бяганскім у шпітальнай капліцы маліліся аб іх здароўі.
У гаміліі кс. Максім Бачарнікаў адзначыў, што хвароба і звязаныя з ёю цярпенні – “досвед, у якім мы пазнаём слабасць уласнай натуры, але адначасова вялікую надзею і прыгажосць жыцця”. “Тады мы пераконваемся таксама ў бясцэннай вартасці дапамогі, якой можам чакаць ад самых блізкіх або ад медыцынскага персаналу”, - казаў святар.
“Адзначаючы Сусветны дзень хворых, злучаемся думкамі з усімі былымі і сённяшнімі пацыентамі нашай лідскай бальніцы”, - дадаў святар.
На заканчэнне малітвы кс. Юрый Бяганскі пажадаў хворым у бальніцы і ва ўсім горадзе хутчэй вярнуцца да здароўя, набыць веру, давер і цярплівасць, патрэбныя ў пераадоленні сваёй хваробы. Тым, хто апякуецца гэтымі людзьмі дома і ў бальніцы, святар падзякаваў за адданае служэнне ў ратаванні чалавечага жыцця.
JM