28-30 студзеня манаская супольнасць Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта арганізавала ў Навагрудку ўікэнд для дзяўчат.
“Запавет з Богам і чалавекам” – такой была тэма сустрэчы. З тэматычнымі канферэнцыямі выступалі кс. Міхал Бубен і с. Клара Волчэк CSFN, стараючыся распавесці ў іх удзельніцам сустрэчы, як трэба адказна будаваць адносіны з Богам і іншым чалавекам.
Па словах арганізатараў рэкалекцый, гэта быў асаблівы час, каб суцішыцца і адарвацца ад штодзённых справаў. Удзельнікам прапаноўвалася засяродзіцца на малітве, каб мець магчымасць паглядзець на свае адносіны да Бога і людзей.
Самі ўдзельніцы адзначаюць, што выкарысталі гэты час належным чынам, бо гэтаму спрыяла нават атмасфера. Яны дадаюць, што гэтае адарванне ад свету было ім патрэбнае.
„Па-першае, я вельмі хацела ў Навагрудак, бо даўно там не была. Па-другое, зараз мноства пытанняў у галаве і мноства выбараў. Таму тэмы, якія мы абмяркоўвалі, атрымаліся вельмі актуальнымі для мяне. Быў час, каб пабыць у цішыні, у спакоі, без усялякіх лішніх эмоцый”, – кажа адна з удзельніц, Таццяна.
Па словах дзяўчат, гасціннасць, адкрытасць і дабрыня ў назарэтанскім доме ў Навагрудку заўсёды на высокім узроўні.
„Калі я даведалася пра ўікэнд, то яшчэ сумнявалася, ехаць ці не ехаць. Калі шчыра, то я спачатку шкадавала, што прыехала. У першы дзень задавала Богу пытанні: што дадуць мне гэтыя рэкалекцыі, навошта я тут? І Айцец даў адказы. Мне вельмі спадабаўся фільм “Бахіта”, які прымусіў мяне задумацца над маім жыццём, а таксама паказаў, як трэба жыць далей. Яшчэ мне вельмі спадабалася скрутацыя. Для мяне гэта было нешта новае. Раней я чытала Біблію, і ніякіх думак у мяне не ўзнікала, я яе не разумела. А тут, калі я працавала з Божым словам, пачалі з’яўляцца думкі! Я не ведала, што, каб лепш зразумець урывак з Бібліі, яго трэба спачатку перапісаць. Гэта сапраўды працуе! Дзякуючы скрутацыі я ўзгадала, што хадзіла на нейкія незразумелыя курсы і што трэба схадзіць на споведзь, што я і зрабіла!” – распавядае Ганна.
Уікэнд у Навагрудку споўніў чаканні ўсіх, хто прымаў у ім удзел. “Я атрымала тое, што хацела: адпачыла духоўна, адчула цішыню, а яшчэ і паспавядалася”, – адзначае Анастасія, якая таксама ўдзячная ўсім арганізатарам і ўдзельнікам за супольнае стварэнне цудоўнай атмасферы і за гэты благаслаўлёны час.
Кс. Юрый Марціновіч