2 лютага Касцёл перажывае Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Свята 20 гадоў таму ўстанавіў св. Ян Павел ІІ. Падчас яго вернікі дзякуюць Пану за людзей, якіх Ён паклікаў праз розныя харызмы і духоўнасць сведчыць свету аб сваёй міласэрнасці, умацоўваць і абнаўляць справу абвяшчэння Евангелля для справядлівасці і міру ў адной вялікай чалавечай сям’і. Але як кансэкраваныя асобы распазнаюць пакліканне? У чым бачаць уласнае прызначэнне? Сваімі разважаннямі дзеліцца а. Аляксандр Махнач з Ордэна Пабожных Школаў.
Сэнс кансэкраванага ці, інакш кажучы, прысвечанага Богу жыцця, заключаецца ў наследаванні Хрыста на шляху евангельскіх парад – у чыстасці, убогасці і паслухмянасці. Канешне ж, усе людзі павінны наследаваць Збаўцу, але кансэкраваныя асобы пакліканы да асаблівага сяброўства з Езусам і прысвячэння Яму сябе “непадзеленым” чынам. Гэта прыгожая і патрабавальная вандроўка з Хрыстом праз жыццё.
Жаданне стаць манахам-святаром я адчуў яшчэ ў 9-ым класе школы. Раней хацеў быць настаўнікам і вучыць дзяцей. А пазней пачаў заўважаць, што мяне ўсё неяк болей “цягне” ў касцёл, на св. Імшу і набажэнствы. Было неймавернае прагненне быць з Езусам. Шукаў Яго ў розных сітуацыях жыцця, спрабаваў увайсці ў “стыль” Хрыста, які прапаноўваў мне святарства. Я гэта проста адчуваў, асабліва падчас малітвы. Бог не пасылаў мне анёла, не прамаўляў чалавечым голасам. Гэты заклік быў у сэрцы. Але ж я хацеў быць настаўнікам! Што рабіць? Пачаў шмат маліцца, каб Бог даў ясна распазнаць пакліканне.
Паходжу з парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, у якой служаць айцы піяры. Тады я яшчэ не разумеў, што ёсць нейкія “іншыя” святары. Удзельнічаючы летам у “канікулах з Богам”, якія арганізоўвалі айцы, заўважыў штосьці вельмі важнае для сябе ў распазнанні паклікання: святары і піярскія семінарысты вельмі цікава і творча працавалі з дзецьмі і моладдзю. Яны рабілі гэта так арганічна, што я пачаў цікаваць за іх выхаваўчай і душпастырскай працай. Вельмі падабалася іх стаўленне да маладых людзей, педагагічныя метады працы. Менавіта тут зразумеў, што гэта маё. Абодва пакліканні спалучыліся ў адным. Я нават для сябе формулу прыдумаў: “настаўнік + святар = піяр”. Моцна верыў у тое, чаго прагнуў ад мяне Езус, і не памыліўся. Пакінуўшы ўсё, я знайшоў шчасце. Нясу сваё служэнне Богу і Яго Касцёлу ў харызме св. Юзафа Каласанса, асабліва дбаючы пра навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі. Спярша 9 гадоў працаваў у Шчучыне, а цяпер ужо 2-гі год – у Лідзе.
Кінга Красіцкая