Skip to main content

"Бітва мікрараёнаў-2017" — у смаргонскім араторыі распачалася гульня, у якой удзельнічае моладзь з усяго горада

14 студзеня ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско прайшоў першы тур "Бітвы мікрараёнаў", паведамляе sdb.by. Традыцыйна мерапрыемства распачалося святой Імшой. Прыняць удзел у службе ўдзельнікі-католікі запрасілі сваіх сяброў іншага веравызнання, каб, нягледзячы на спаборніцкі дух акцыі, падкрэсліць, што галоўная мэта бітвы — аб’яднаць моладзь горада і паказаць альтэрнатыву традыцыйнаму моладзеваму адпачынку.

У "Бітве мікрараенаў" удзельнічаюць тры каманды з розных раёнаў горада: "VK" (мікрараён Усходні), "BlackBand" (мікрараёны Карані, Вілейскі і Заходні), "Непохожие" (Цэнтральны мікрараён). У гэтым годзе змяніліся назвы каманд і іх састаў: многія мінулагоднія гледачы вырашылі далучыцца да каманд на сцэне.

Падчас першага тура групам неабходна было падрыхтаваць прадстаўленне сваёй каманды праз фота- або відэапрэзентацыю, песню і нумар у стылі КВЗ.

У мінулым годзе члены журы адзначылі, што ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў быў настолькі высокі, што сёлета будзе вельмі цяжка пераўзысці гэтую планку. Таму суддзям, якімі былі святары, сёстры, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі мясцовых СМІ, дырэктар раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, было не проста вызначыць лепшых. Але па выніках адзнак журы лепшай у першым туры стала каманда "Непохожие". Усяго на тры балы адстала каманда "BlackBand", а на трэцім месцы моладзь з каманды "VK".

Вечар скончыўся бласлаўленнем ксяндза-пробашча Алега Жураўскага SDB.

Наступны, інтэлектуальны, тур адбудзецца 18 лютага.

Больш фотаздымкаў па спасылцы