Skip to main content

Аплаткавая сустрэча адбылася ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне

uszpitali 211 студзеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў Гарадскую клінічную бальніцy хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне, дзе падзяліўся аплаткай з медыцынскім персаналам і пацыентамі.

Належыць адзначыць, што такая аплаткавая сустрэча першы раз арганізавана ў гродзенскай бальніцы па ініцыятыве душпастыра службы аховы здароўя і хворых бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі кс. Генрыка Яблонскага і кіраўніцтва бальніцы.

У шпітальнай капліцы Божай Міласэрнасці біскуп узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх супрацоўнікаў бальніцы і пацыентаў.

uszpitali 3

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, заахвоціў удзельнікаў літургіі на ўзор Езуса Хрыста часта звяртацца да малітвы і чыніць дабро іншым.

Святар адзначыў, што кожны чалавек павінен быць працягам рук Хрыста. “Такім працягам рук Езуса з’яўляецца медыцынская служба, значыць урачы, санітары і ўсе працаўнікі бальніцы. Такім працягам Яго рук з’яўляецца кожны, хто суцяшае іншых, спачувае ім, спадарожнічае ім у цярпенні, падае кубак вады і кавалак хлеба галоднаму”, - сказаў кс. Юрый Марціновіч.

Сустрэча мела і святочны характар, таму, спяваючы калядкі падчас Эўхарыстыі, вернікі мелі магчымасць здзейсніць духоўную пілігрымку да беднай стаенкі, якая ўнутры аздабляе шпітальную капліцу, каб падзякаваць Богу за Слова, якое сталася Целам і прыйшло ў свет.

Падчас Імшы маліліся за ўсіх хворых, пажылых людзей і тых, каго закранула цярпенне, а таксама за ўсіх работнікаў службы аховы здароўя гродзенскай бальніцы, каб яны з вялікай адданасцю і ахвотай служылі ўсім пацыентам.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў прысутным за дар супольнай малітвы і адзначыў, што такія сустрэчы вельмі шмат дабра ўносяць у жыццё бальніцы, бо яшчэ больш збліжаюць супрацоўнікаў службы аховы здароўя, а хворым дапамагаюць хаця б на хвіліну забыць аб сваім цярпенні і ўмацавацца ў веры, якую яны вызнаюць.

Душпастыр службы аховы здароўя і хворых бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне кс. Генрык Яблонскі на заканчэнне Імшы скіраваў да ўсіх прысутных святочныя віншаванні. Святар падзякаваў пацыентам бальніцы, якія, праходзячы курс лячэння, не забываюць пра Бога, практыкуючы сакрамэнтальнае жыццё.

Асабліва кс. Генрык Яблонскі падзякаваў усяму медыцынскаму персаналу на чале з галоўным урачом Сяргеем Лазарэвічам за ўзаемаразуменне і плённае супрацоўніцтва.

uszpitali 11

Пасля Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся аплаткай з хворымі, прысутнымі ў капліцы, а затым у канферэнц-зале – з медперсаналам. Працаўнікам бальніцы іерарх падзкаваў за клопат аб хворым і церпячым чалавеку і за адданае служэнне іншым. Біскуп адзначыў, што такое служэнне вельмі патрэбнае і неабходнае, асабліва людзям, якія цалкам страцілі надзею.

JM