Skip to main content

Адбылася аплаткавая сустрэча манахінь Гродзенскай дыяцэзіі

snazaretanki129 студзеня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім) у Гродне адбылася першая ў новым годзе сустрэча манахінь, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Сёстры сабраліся на свой дзень духоўных разважанняў таксама для таго, каб падзяліцца аплаткай і скласці адна адной святочныя віншаванні.

Падчас сустрэчы кансэкраваныя асобы маліліся перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, паслухалі канферэнцыю і прынялі ўдзел у святой Імшы. Літургію ў інтэнцыі законных сясцёр дыяцэзіі і тых спраў, якія яны здзяйсняюць, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

"Дзякую вам за вашу прысутнасць у нашым гродзенскім Касцёле. Сваёй прысутнасцю вы ўзбагачаеце наш Касцёл і даеце відавочнае сведчанне для іншых”, - звярнуўся іерарх да манахінь.

snazaretanki4

Біскуп адзначыў, што прысутнасць сясцёр законных у дыяцэзіі бачная заўсёды. „Ужо сама прысутнасць у парафіі з’яўляецца евангелізацыяй, бо іншыя ўглядаюцца ў ваш прыклад, прыслухоўваюцца да вашых слоў”, - дадаў гродзенскі ардынарый.

Іерарх асабліва падзякаваў манахіням за частае трыванне на малітве перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. “Гэта вялікае багацце для нашага Касцёла. Праз сваю малітву і адарацыю вы ўмацоўваеце наш Касцёл”, - сказаў біскуп.

snazaretanki3

Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткай і ўзаемнымі віншаваннямі, падчас якіх гродзенскія біскупы ўжо індывідуальна дзякавалі сёстрам законным за іх самапрысвячэнне і штодзённае служэнне.

snazaretanki14

Кс. Юрый Марціновіч