7 студзеня дзеці і моладзь парафіі ў Сапоцкіне прадставілі містэрыю на тэму Божага Нараджэння. Прадстаўленне аб прыйсці Езуса Хрыста ў гэты свет і звязаных з гэтымі святамі звычаях і традыцыях былo прапанавана увазе гледачоў у мясцовым Доме культуры.
Падчас прадстаўлення маладыя акцёры паказалі, што святы Божага Нараджэння – цудоўная нагода, каб у небыццё адышлі сваркі і непаразуменні, што належыць стварыць святочную атмасферу, каб перажыць гэты час у паўнаце, свядома і радасна.
Паказваючы гісторыю прыйсця ў свет Езуса Хрыста ў беднай стаенцы, дзеці і моладзь нагадалі аб тым, што час святкавання Нараджэння Збаўцы павінен быць хвілінай перадыху, шансам аднаўлення , магчыма, дзесьці парушаных сувязяў з блізкімі. Таму ў прадстаўленні таксама гучала заахвочванне засяродзіцца на сваёй сям’і, на перажыванні таго, чым Божае Нараджэнне павінна быць на самой справе – а менавіта што яно павінна перажывацца ў рэлігійным вымярэнні.
На заканчэнне акцёры скіравалі своеасаблівае пасланне да гледачоў, жадаючы найперш міру ў кожным доме, сям’і і сэрцы кожнага чалавека.
„Каб нічые вочы не плакалі, каб у сэрцах не было горычы, каб усе мелі тое, што ім трэба”, - гэтымі словамі завяршылася прадстаўленне.
Пасля кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі, падзякаваў усім акцёрам за іх актыўнасць і ўключэнне ў падрыхтоўку святочнай праграмы. Сёстрам законным, якія служаць у парафіі, святар падзякаваў за непасрэдную падрыхтоўку дзяцей і моладзі, а кіраўніцтву Дома культуры – за адкрыццё сваіх дзвярэй.
Маладыя акцёры атрымалі падарункі і слодычы. Містэрыя была добрай нагодай падзякаваць Езусу, які стаў чалавекам, каб учыніць людзей Божымі дзецьмі, за Яго дабрыню і любоў, нагодай убачыць бясконцую любоў Пана, якая ў асобе Хрыста стала такой блізкай і даступнай кожнаму чалавеку.
Кс. Юрый Марціновіч