З 2 па 5 студзеня ў гродзенскай парафіі ў Адамавічах у кляштары сясцёр кармэлітанак Дзіцятка Езус прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат. Тэмай духоўных практыкаванняў сталі словы з Евангелля: "Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае". Сутнасць Божага дзяцінства дзяўчатам прыблізіў кс. Андрэй Скамарошка.
Асноўнай задачай удзельніц было адкінуць усе перажыванні, якія трывожаць сэрца, і стаць Божым дзіцём.
Дзяцінства Божае адзначаецца: пакорай – жыць у праўдзе; беднасцю – ты можаш мець шмат, але не май прывязанасці да гэтага; даверам – аддаваць і давяраць Богу; любоўю.
Кожны дзень верніцы разважалі над Божым Словам і дзяліліся сваімі думкамі. Углядаючыся ў Найсвяцейшае Аблічча Езуса падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, яны дзякавалі Богу за дар веры, любові, дзякавалі за ўсе здольнасці і таленты, якія маюць. Прасілі, каб Бог накіраваў іх шляхі, каб заўсёды і ўсюды заставацца Ягоным дзіцём.
Напрыканцы рэкалекцый дзяўчаты атрымалі заданне несці Божае Дзяцінства ў сваё паўсядзённае жыццё не толькі словам, але і ўчынкамі.
Яна Бабушкіна