Skip to main content

«Ідзіце да людзей, якія блізка да вас, але далёка ад Пана»: аплаткавая сустрэча Душпастырства моладзі «OPEN» прайшла ў Гродне

openowcy 175 студзеня у пабрыгідскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча Душпастырства студэнтаў і працоўнай моладзі Гродна «OPEN».

На сваю святочную сустрэчу прыбылі маладыя людзі, якія вучацца ў Гродне, а таксама тыя, якія працуюць. Прысутнічалі і прадстаўнікі студэнтаў з Нігерыі.

Сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх нагадаў удзельнікам сустрэчы, што кожны чалавек пакліканы да жыцця, згоднага з Евангеллем, і да дзялення ім з іншымі.

“Мы павінны найперш самі спаткаць жывога Езуса, быццам бы дакрануцца да Яго, а потым занесці Яго ўсім тым, хто аб Ім мала ведае або занядбаў кантакт з Ім”, - адзначыў біскуп.

Таксама іерарх заклікаў паважаць іншага чалавека і будаваць з ім трывалыя адносіны, заснаваныя на веры, надзеі і любові. Біскуп заахвоціў маладых людзей кожны дзень дзяліцца Езусам Хрыстом і тым, як яны перажываюць сваю веру, з тымі, хто асабліва побач з імі.

openowcy 8

“Кожны з вас пакліканы да таго, каб ісці да тых людзей, якія блізка да вас, але далёка ад Пана. Ісці да іх і распавесці, які добры Пан”, - дадаў іерарх.

На заканчэнне Імшы кс. Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, падзякаваў біскупу за яго ўдзел у справах дыяцэзіяльнай моладзі, жадаючы, каб іерарх і далей быў прысутны сярод маладых людзей.

Таксама біскуп Юзаф Станеўскі асвяціў у гэты дзень адноўленую залу, якая носіць імя св. Клімента, пры пабрыгідскім касцёле. У апошні час зала дзякуючы душпастыру моладзі, самой моладзі і ахвярадаўцам была адноўлена і зараз будзе служыць падчас розных душпастырскіх сустрэч.

openowcy 11

Пасля святой Імшы адбыўся канцэрт калядак і рэлігійных песень у выкананні гурта «OPEN», пасля чаго маладыя людзі падзяліліся аплаткай і выказалі святочныя віншаванні адно аднаму. На заканчэнне ўсіх ахвотных чакаў салодкі пачастунак пры гарбаце.

openowcy 18

Гэта была радасная сустрэча, якая сабрала маладых людзей, што прымаюць актыўны удзел у душпастырстве «OPEN», ствараючы паміж сабой сяброўскія адносіны і жывучы справамі адно аднаго.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Марыі Углік