4 студзеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішчолне ўзгадалі ў малітве кс. Баляслава Красадомскага, шматгадовага пробашча гэтай парафіі, у 50-ю гадавіну яго смерці.
Святую Імшу ў інтэнцыі спачылага ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам святароў Шчучынскага дэканата і шматлікіх парафіян.
Ксёндз Баляслаў Красадомскі быў пробашчам у парафіі ў Ішчолне з 1916 г. да часу сваёй смерці. Ён адышоў у вечнасць 4 студзеня 1967 г.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, нагадаў пра постаць спачылага святара, адзначыўшы, што на працягу многіх гадоў служэння ў гэтай парафіі ён быў для сваіх вернікаў не толькі цудоўным настаўнікам, але і сведкам, паказваў шлях да Бога і вёў да Яго, як сапраўдны пастыр.
Ксёндз Марціновіч дадаў, што малітва ў 50-годдзе смерці кс. Красадомскага з’яўляецца нагадваннем праўды аб тым, што нашай зямлі, сем’ям, а асабліва дзецям і моладзі, а таксама ўсім людзям, вельмі патрэбны святары.
„Трэба моцна падкрэсліць, што кожны святар з’яўляецца для сваёй парафіі вялікім, а нават і велізарным дарам”, - сказаў кс. Юрый Марціновіч.
Падчас Імшы маліліся аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння ў Касцёле, просячы Пана жніва скіроўваць усё новых работнікаў на працу ў сваім вінаградніку.
Пасля літургіі ўдзельнікі накіраваліся на могілкі, каб памаліцца таксама на месцы пахавання кс. Баляслава Красадомскага. Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў вернікам парафіі за памяць аб спачылым і клопат аб ягонай магіле. Іерарх дадаў, што трэба заўсёды памятаць у малітве аб усіх нашых памерлых, а асабліва аб тых, якім мы вельмі многім удзячныя.
Ксёндз Баляслаў Красадомскі нарадзіўся ў 1880 г. Вучыўся спачатку ў віленскай публічнай гімназіі, потым адчуў пакліканне да служэння ў Касцёле і паступіў у віленскую семінарыю, якую ў 1912 г. скончыў прыняццем прэзбітэрскага пасвячэння.
Затым быў вікарыем у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, а з 1916 г. – пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Ішчолне.
У 1949 г. быў арыштаваны і высланы ў Сібір. Праз пяць гадоў, будучы моцна хворым, вярнуўся ў парафію ў Ішчолне і праз нейкі час памёр.
JM