Skip to main content

Навагодняя сустрэча сем’яў адбылася ў назарэтанак у Навагрудку

navagrudak 131 снежня – 2 студзеня ў кляштары сясцёр назарэтанак у Навагрудку адбылася навагодняя сустрэча для сем’яў супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Супольнасць Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ўжо ў сёмы раз адчыніла дзверы свайго дома для сем’яў, каб разам сустрэць Новы год, трываючы ў малітве. Новы год манахіні разам з сем’ямі сустрэлі на Эўхарыстыі, жадаючы даверыць сваю будучыню і ўсё, што чакае іх у гэтым годзе, Пану Богу, які заўсёды з’яўляецца Даўцам усялякага дабра і благаслаўлення.

Святую Імшу апоўначы ўзначаліў кс. Віталій Цыбульскі, душпастыр парафіі ва Усялюбе. Святар заклікаў усіх удзельнікаў даверыць свой сённяшні і заўтрашні дзень Богу, які найлепшым чынам вядзе чалавека па незнаёмых яшчэ навагодніх шляхах жыцця.

У размове з grodnensis.by сястра Марыяна Алешчык CSFN, адна з арганізатараў сустрэчы, адзначыла, што падчас сустрэчы акцэнт рабіўся на адпачынку і супольным прабыванні.

“Сужэнствы дзяліліся сваімі жыццёвымі гісторыямі і тым, як пазнаёміліся. Кожная гісторыя адметная, кожная нясе сваё багацце, і, як часта падкрэслівалі ўдзельнікі нашай сустрэчы, гэта вельмі добра, што мы такія розныя, але як цудоўна, што нас аб’ядноўвае Пан”, - дадае сястра Марыяна.

 Па словах манахіні, у гэтыя дні дом назарэтанак у Навагрудку ажывае і ў ім віруе жыццё, бо туды прыязджаюць не толькі сужэнцы, але і іх дзеці рознага ўзросту. “Для нас, сясцёр, вельмі міла бачыць тое, што наш дом становіцца домам для кожнай сям’і і кожнага чалавека. Мы стараемся стварыць адпаведную атмасферу, каб кожны адчуваў сябе тут, як у сябе дома”, - кажа с. Марыяна.

u navagrudku 5

У праграме быў таксама час на забавы. Старэйшыя мелі магчымасць акунуцца ў атмасферу дзяцінства. Падарункі пад ёлкай, добры адпачынак, катанне на санках і лыжах спрыялі таму, што прысутныя не хацелі ад’язджаць дадому з “казкі”.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота с. Марыяны Алешчык CSFN