28 снежня супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне развіталася з кс. прафесарам Тадэвушам Вышынскім, які трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе.
Ксёндз Тадэвуш Вышынскі выкладаў дагматычную тэалогію і музыку ў семінарыі з 1992 года. Такім чынам ён сустрэўся з усімі навучэнцамі семінарыі, а гэта ўжо больш за 200 святароў, якія служаць ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны і далёка за яе межамі.
Вечарам цела святара было дастаўлена ў семінарыю, якая ў апошнія гады была месцам яго прабывання. У семінарыйнай капліцы на святой Імшы сабраліся шматлікія святары, навучэнцы, супрацоўнікі гэтай установы. Літургію ў інтэнцыі спачылага ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У малітве ўдзельнічаў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Усё рабіў з глыбокай верай
Гамілію прамовіў кс. д-р Раман Катлімоўскі, нагадаўшы пра асобу спачылага святара, які ўсім сваім сэрцам служыў Касцёлу, ахвярна спаўняючы давераныя яму заданні.
„Усё ён рабіў вельмі грунтоўна, з глыбокай верай, бо інакш рабіць і нельга”, - заўважыў кс. Катлімоўскі.
Святар дадаў, што спачылы быў вельмі патрабавальным да сваіх студэнтаў. “Фундаментам гэтай патрабавальнасці была глыбокая вера ў Бога і прыгожа сістэматычна выкладаная тэалогія, якая выхоўвала ў навучэнцах веру, надзею і любоў – дары, атрыманыя ў святым хросце”, - сказаў кс. Катлімоўскі.
Па словах святара, для кс. Вышынскага было вельмі важным тое, каб былі руплівыя душпастыры, якія будуць здольнымі любіць Касцёл і людзей, заўсёды мець для іх час, будуць здольнымі схіліцца над церпячымі і простымі людзьмі, якія часта нясуць святару тое, што маюць, цешачыся тым, што ў іх ёсць такія маладыя святары.
Ксёндз Раман Катлімоўскі нагадаў жыццёвы шлях спачылага - шлях вельмі няпросты , - дадаўшы, што “вера дазволіла яму перажыць цяжкія часы”. Святар узгадаў таксама драматычныя хвіліны з жыцця кс. Тадэвуша Вышынскага, калі ён у 11-гадовым узросце 20 чэрвеня 1941 г. са сваёй маці Актавіяй і старэйшым братам быў вывезены ў Сібір. Вярнуўшыся, ён адчуў пакліканне і ў 16 гадоў пайшоў за голасам Хрыста.
Ксёндз Катлімоўскі адзначыў, што святарства спачылага ніколі не было “служэннем напаказ”, але што ён з вялікай адданасцю служыў усюды, укладваючы ў гэта ўсё сваё сэрца.
Чалавек вялікай чуласці
Ксёндз прафесар Вышынскі спачатку служыў як святар у Варшаве, потым у Кракаве ў духоўнай семінарыі, у Гданьску, але найдаўжэй прабываў у Гродне.
„Памерлы ксёндз Тадэвуш застанецца ў нашай памяці як чалавек вялікай чуласці, які меў стабільныя эмоцыі дзякуючы Езусу, ніколі не быў парывістым, а заўсёды спакойным”, - дадаў кс. Катлімоўскі.
На заканчэнне Імшы біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што супольнасць семінарыі вельмі многім удзячная спачыламу, які разам з навучэнцамі і іншымі выкладчыкамі ствараў гісторыю і традыцыі гэтай установы.
Таму ў дзень развітання ўсе навучэнцы і выкладчыкі, а таксама прысутныя ўдзельнікі літургіі дзякавалі Богу за дар яго жыцця і асобы, якая назаўсёды ўпішацца ў гісторыю семінарыі і на доўгія гады будзе жыць у памяці святароў і вернікаў.
Пасля Імшы труна з целам спачылага была ў працэсіі перанесена семінарыстамі ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа (пабернардынскі), дзе 29 снежня адбудзецца пахавальная Імша. Затым цела будзе перавезена ў Варшаву, дзе будзе пахавана на адных з самых старажытных могілак – Паважкоўскіх.
Кс. Юрый Марціновіч