Святочны час – добрая нагода павіншаваць адзін аднаго і падзяліцца аплаткай. Па традыцыі ў лідскай бальніцы адбылася аплаткавая сустрэча працаўнікоў службы аховы здароўя. У ёй удзельнічалі ўрачы, санітары і ўсе супрацоўнікі бальніцы.
„Пакліканне ўрача – быць побач з хворым, параненым, слабым, тым, каго закранула цярпенне цела і душы, - з такімі словамі звярнуўся да ўдзельнікаў душпастыр лідскай бальніцы кс. Юрый Бяганскі. - Як вядома, для выканання гэтай місіі патрэбны не толькі веды і кампетэнтнасць. Патрэбна фундаментальная прыхільнасць да чалавека, уменне адарыць яго пашанай, чуласць да яго лёсу, гатоўнасць прыйсці да яго з дапамогай. Урач, які з’яўляецца вучнем Езуса, рэалізуе сваё пакліканне ў Яго імя. Тут можна прыгадаць словы, якія мы пачуем на Апошнім судзе, калі нас будуць судзіць з любові: „Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Mц 25, 40)”.
Ксёндз Юрый Бяганскі падкрэсліў, што святы Ян Павел ІІ падтрымліваў заўсёды блізкія і сардэчныя сувязі з медыцынскім асяроддзем і добра ўсведамляў, наколькі важная роля ўрачоў і ўсёй службы аховы здароўя ў грамадстве, незалежна ад палітычных умоваў; ён разумеў, што ў цэнтры ўвагі і клопату медыка знаходзіцца жывы чалавек, якому патрэбна дапамога, які глядзіць з надзеяй на таго, хто ўдзяляе яму гэтую дапамогу.
Ад імя хворых святар падзякаваў удзельнікам сустрэчы за клопат і медыцынскую апеку. Між іншым, падчас Юбілею хворых і супрацоўнікаў службы аховы здароўя ў Вялікі юбілей 2000 года Ян Павел ІІ казаў: “Цярпенне і хвароба ўпісаны ў таямніцу жыцця чалавека на зямлі. Безумоўна, належыць змагацца з хваробай, бо здароўе – гэта Божы дар. Але важна таксама ўмець прачытаць Божую задуму, калі цярпенне ўваходзіць у нашы дзверы. «Ключом» для яе прачытання з’яўляецца Крыж Хрыста. Уцелаўлёнае Слова выйшла супраць нашых слабасцяў, беручы іх на свае плечы ў таямніцы крыжа. З той хвіліны існуе магчымасць надання сэнсу кожнаму цярпенню, дзякуючы чаму яно з’яўляецца асабліва каштоўным. Дзве тысячы гадоў, з дня мукі Хрыста, крыж ззяе як найбольш поўнае аб’яўленне любові Бога да нас. Хто здолее прыняць яго ва ўласным жыцці, спазнае, што цярпенне, асветленае святлом веры, становіцца крыніцай надзеі і збаўлення”.
Сустрэча завяршылася малітвамі, дзяленнем аплаткай, узаемнымі віншаваннямі і спяваннем калядак. На заканчэнне кс. Юрый Бяганскі склаў віншаванні супрацоўнікам службы аховы здароўя, жадаючы найперш Божага благаслаўлення ў гэтай штодзённай працы, бо гэта іх спецыфічная місія ў Касцёле, Божага супакою і радасці ў асабістым і сямейным жыцці, сіл і трываласці, павагі з боку пацыентаў, прызнання і належнай ацэнкі іх працы адказнымі за службу аховы здароўя ў нашай краіне.
Святар заклікаў удзельнікаў сустрэчы, каб яны, як Мудрацы з Усходу, ішлі ў жыцці за зоркай народжанага ў Бэтлееме Бога-Чалавека, і пажадаў, каб Ён, Святло са Святла, асвятляў іх шлях любові і служэння і каб яны неслі іншым Яго супакой і надзею.
JM