У вігілію Нараджэння Пана біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу пастэрку ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічалі шматлікія вернікі катэдральнай парафіі і горада Гродна. У літургіі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці.
Катэдральная святыня – маці касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі – была прыгожа ўбрана і сагрэта цяплом сэрцаў людзей, якія прыбылі, каб урачыста адзначыць святую ноч – ноч Нараджэння Пана. Гэтая ноч робіць людзей крыху іншымі, чым звычайна. Яны пакідаюць убаку свае штодзённыя клопаты, забываюць аб разнастайных праблемах і засмучэннях.
Выключная ноч
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч разважаў менавіта над тым, чаму так адбываецца, што гэтая ноч змушае падаць руку адзін аднаму і прабачыць усе правіны і крыўды. Іерарх адзначыў, што “гэтая ноч назаўсёды змяніла ход гісторыі, надала новы сэнс падзеям свету і чалавецтва”. “У гэтую святую ноч Бог даў нам свайго Сына, Езуса Хрыста, які стаў чалавекам і прыйшоў у гэты свет”, - дадаў біскуп.
“У таямніцы свайго Нараджэння Сын Божы жадаў нам сказаць штосьці вельмі важнае. Можа, Ён хацеў, каб кожны чалавек, нават самы бедны, самы просты, які стаіць на самай нізкай пазіцыі ў іерархіі гэтага бязлітаснага свету, бачыў у Езусе праўдзівага Эмануэля – Бога, які заўсёды з намі”, - звярнуў увагу гродзенскі ардынарый.
Аб’яўленая любоў
Па словах біскупа, Езус, прыходзячы ў свет, хацеў нагадаць, што “кожны чалавек мае сваю неад’емную годнасць – годнасць Божага дзіцяці, якая зусім не залежыць ад таго, дзе ён знаходзіцца, якое становішча займае, што мае ў партфелі або на банкаўскім рахунку”.
Іерарх падсумаваў, што “Езус Хрыстус аб’яўляе людзям Божую любоў, каб яна перамяняла іх сэрцы, каб дапамагла кожнаму знайсці шлях да сэрца іншага чалавека, гэта значыць шлях паяднання, прабачэння, суперажывання, дабрыні, узаемнай любові”.
На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч склаў усім вернікам святочныя віншаванні, просячы іх, каб Езус Хрыстус стаў Панам жыцця кожнага. Таксама іерарх пажадаў, каб Новы 2017 год быў добрай нагодай адкрыцца на іншага чалавека. На заканчэнне ўрачыстай Эўхарыстыі гродзенскі ардынарый удзяліў усім пастырскае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч