Skip to main content

Выйшла дзясятае выданне зборніка «Studia Theologica Grodnensia»

knigaНекалькі дзён таму выйшаў у свет зборнік па навукова-тэалагічнай праблематыцы «Studia Theologica Grodnensia», выдадзены Гродзенскай дыяцэзіяй. Гэта ўжо дзясятае юбілейнае выданне, якое прысвечана біскупу Аляксандру Кашкевічу, першаму ардынарыю Гродзенскай дыяцэзіі, з нагоды 25-годдзя яго біскупскай сакры.

У 2016 годзе Гродзенская дыяцэзія адзначала юбілей 25-годдзя заснавання. У сувязі з гэтым у канцы мая ў Гродне адбыўся І Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, падчас якога асаблівым чынам дзякавалі за існаванне партыкулярнага Касцёла, што існуе ў Гродзенскай дыяцэзіі.

У новым выданні зборніка змешчаны між іншым даклады кардынала Зянона Грахалеўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Ежы Мазура SVD, біскупа Генрыка Цярэшкі, якія былі агучаны падчас гэтага кангрэса.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч з’яўляецца ініцыятарам дадзенай навуковай працы – першага такога роду выдання як у Касцёле на Гродзеншчыне, так і ў Касцёле ў Беларусі.

Як сведчыць сама назва зборніка, ён павінен служыць навуковаму вывучэнню тэалогіі, звязанаму з жыццём Гродзенскай дыяцэзіі, ці даследаванням, якія былі зроблены на яе тэрыторыі, і адначасова будзе паказваць працы тэолагаў і касцёльных навукоўцаў за межамі дыяцэзіі. Выхад зборніка абуджае дапытлівасць асобаў, якія зацікаўлены жыццём Касцёла, бо адкрываецца пастаяннае выданне зборніка, які павінен выходзіць адзін раз у год.

Зборнік «Studia Theologica Grodnensia» уключае артыкулы на чатырох мовах: польскай, беларускай, рускай, італьянскай. У ім зразумелая структура зместу, што нязмерна палягчае практычнае карыстанне навуковымі публікацыямі аўтараў.

У першай частцы змяшчаюцца матэрыялы з канферэнцый і навуковых сімпозіумаў, у другой - навуковыя артыкулы, у трэцяй - справаздачы. У большасці ўсе навуковыя матэрыялы маюць рэзюме, што дае магчымасць наблізіць да чытача змест артыкулаў у скарочаным выглядзе і дазволіць ацаніць прадстаўленыя публікацыі.

Рэдакцыйная калегія разлічвае, што гэты зборнік знойдзе сваіх чытачоў сярод шматлікіх зацікаўленых асобаў i будзе заахвочваннем да навуковай актыўнасці ў сферы пазнання тэалагічнай праўды духавенствам і свецкімі вернікамі, якім важная праблематыка жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч