17 снежня валанцёры Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі правялі дабрачынную калядную акцыю “Клопат” у гродзенскім гіпермаркеце “АЛМИ” (пр-т Касманаўтаў, 81).
Кожны, хто ў гэты дзень наведаў гіпермаркет, меў магчымасць перадаць для самотных людзей сродкі гігіены і мандарыны, пакідаючы іх у кошыках валанцёраў.
У бліжэйшыя дні, падчас чакання Божага Нараджэння, Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” перадасць мандарыны пацыентам дарослага Хоспіса на базе бальніцы №3 горада Гродна.
Сродкі гігіены будуць перададзены самотным пенсіянерам і інвалідам падчас чарговага наведвання валанцёрамі пажылых людзей, якія жывуць самотна, у межах праекта “Мабільная дапамога “Карытас””.
Таксама 20 снежня ў межах дабрачыннай акцыі “Божае Нараджэнне для ўсіх” у падтрымку людзей, якія засталіся без даху над галавой, пачастуюць бяздомных г. Гродна усімі тымі слодычамі, якія былі перададзены жыхарамі горада падчас акцыі.
„Дзякуем усім, хто не застаўся ўбаку і падтрымаў нашу акцыю, набываючы сродкі гігіены і мандарыны ў гіпермаркеце і пакідаючы іх у кошыках валанцёраў”, - скіроўваюць словы падзякі людзям, неабыякавым да патрэбаў іншых, арганізатары дабрачыннай акцыі.
Таксама яны выказваюць вялікую падзяку за магчымасць правядзення акцыі, падтрымку, садзеянне і заўсёды сардэчны прыём адміністрацыі і супрацоўнікам гіпермаркета “АЛМИ”.
Кс. Юрый Марціновіч