Skip to main content

Святая Імша ў гродзенскай катэдральнай базыліцы

     Прыгожым падарункам для парафіян катэдральнай базылікі і пробашча ксяндза Яна Кучынскага ў 305-гадавіну кансэкрацыі святыні была прысутнасць Ксяндза Кардынала Зянона Грахалеўскага на вячэрняй св. Імшы. Разам з Ксяндзом Кардыналам канцэлебравалі Эўхарыстыю кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч і святары дыяцэзіі.
    Ксёндз Кардынал звярнуўся да сабраных у святыні з Божым словам: "У гэтай катэдры ёсць свая гісторыя. Спачатку катэдра была касцёлам айцоў езуітаў, пазней, на працягу многіх гадоў, катэдральным касцёлам. У савецкія часы (1961 – 1988 гг.) яна засталася без ксяндза. У 1991 г. гэты касцёл быў абвешчаны катэдральнай базылікай і адначасова - катэдрай новапаўсталай гродзенскай дыяцэзіі. Ён з'яўляецца адлюстраваннем Касцёла, які перад усім - вернікі. Святы Павел назваў вернікаў жывымі камянямі, з якіх пабудавана Божая святыня. Гэтая святыня, збудаваная з каменняў, павінна дапамагчы нам будаваць. Бог хоча жыць у нашых сэрцах. Духоўны Касцёл павінен быць вялікі і прыгожы. Ён павінен быць аздоблены цнотамі - любоўю да Бога і бліжняга. Гэтая святыня з'яўляецца вобразам духоўнага Касцёла вашых сэрц, вашай парафіі і як катэдра – усёй вашай дыяцэзіі".
    Іерарх указаў на сімвалічнае значэнне касцёла: "Гэтая святыня з'яўляецца вобразам святога горада – Нябеснага Ерузалему, да якога мы ўсе паломнічаем. Бачная святыня сімвалізуе Божы Дом. Святыня павінна ўвесь час нагадваць, што мы пакліканы ў гэты Ерузалем, да вечнага жыцця. Яна павінна дапамагаць нам імкнуцца ў гэтым напрамку. Яна паказвае нам кірунак да новага жыцця. Тут мы разам молімся. Малітва не заўжды з'яўляецца лёгкай. Але хто ўмее маліцца, той мае вялікі скарб". Ксёндз Кардынал заахвоціў дарослых да таго, каб яны навучалі дзяцей малітвам і ўдасканальвалі ўласную. "Тут, у гэтай святыні, мы ўсе адчуваем сябе адной сям'ёй, у якой ёсць адзін Айцец у небе. Мы ўсведамляем неабходнасць любові. Тут цераз сакрамэнты мы больш аб'ядноўваемся з Богам. Тут вучымся сапраўднай мудрасці жыцця. Хрыстос прысутнічае перш за ўсё у Эўхарыстыі. Тут Ён становіцца сапраўды прысутны з усёй сілай Божай моцы і з усёй веліччу сваёй збавеннай любові," – зазначыў іерарх.
    Ксёндз Кардынал, гаворачы пра гродзенскую катэдру, заўважыў, што "спецыфічную яскравасць набірае гэтая катэдра св. Францішка Ксаверыя, які быў езуітам, таварышам Ігнацыя Лаёлы і лічыцца найбольш руплівым місіянерам усіх часоў. Францішак Ксаверый быў абвешчаны заступнікам місіянераў. Ён вельмі ўшаноўваў Божую Маці. Мы, узводзячы духоўную святыню ў нашых сэрцах і імкнучыся да нябеснага Ерузалему шляхам святасці, павінны быць пэўным чынам місіянерамі для саміх сябе. Святы Францішак з'яўляецца для нас прыкладам руплівасці і адначасова заступнікам нашага шляху. Ён указвае нам на Найсвяцейшую Маці як на дапамогу і абарону. У гэтай катэдры вы маеце абраз Кангрэгацкай Божай Маці. Аналагічна як і св. Францішак Ксавэрый, аддавайце сябе пад абарону Маці Хрыста, якая з'яўляецца і вашай Маці. Няхай гэтая святыня, дзякуючы заступніцтву Божай Маці і св. Францішка Ксавэрыя, дапамагае вам няспынна ўзводзіць трывалы духоўны Касцёл вашых сэрц і будзе адначасова выразным знакам, які паказвае шлях у Нябесную Айчыну".
    На заканчэнне ўрачыстасці дзеці і моладзь катэдральнай парафіі сардэчна пажадалі Ксяндзу Кардыналу ўсяго самага найлепшага, падзякавалі і падарылі кветкі. Яго Эмінэнцыя быў вельмі ўзрушаны верай жыхароў Гродзеншчыны.