Skip to main content

Пахаванне кс. каноніка Людвіка Станішэўскага адбылося ў Элку

pahavanne105 снежня ў парафіі св. Рафала Каліноўскага ў Элку (Польшча) адбылося пахаванне кс. канонікa Людвікa Станішэўскага, шматгадовага пробашчa гнезненскай парафіі (Ваўкавыскі дэканат).

Развітацца са спачылым святаром прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Прысутнічалі таксама святары, якія прыбылі з Кашалінка-Калабрэскай дыяцэзіі, да якой быў інкардынаваны кс. канонік Людвік, Гродзенскай дыяцэзіі, у якой ён ахвярна служыў, Элцкай дыяцэзіі, у зямлі якой ён знайшоў спачын.

Смерць гэтага святара – страта для Гродзенскай дыяцэзіі

З малітоўнай памяццю пра спачылага прыбылі таксама прадстаўнікі вернікаў некаторых парафій Гродзенскай дыяцэзіі.

Пахавальную Імшу ўзначаліў біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD, які адзначыў, што Бог так пакіраваў яго жыццё, што момант адыходу кс. каноніка з гэтага свету застаў яго ў гэтай дыяцэзіі.

У гаміліі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч нагадаў, што жыццё чалавека павінна быць нястомным чаканнем і падрыхтоўкай да спаткання з Богам.

Іерарх адзначыў, што смерць чалавека заўсёды з’яўляецца вялікім болем для яго родных, вялікай пустэчай, якой ніхто і нічога не ў стане запоўніць ці замяніць. “Для нашай Гродзенскай дыяцэзіі смерць кс. каноніка Людвіка – вялікая страта”, - дадаў біскуп.

pahavanne6

Гродзенскі ардынарый адзначыў, што дзень пахавання з’яўляецца асаблівым днём удзячнасці Богу за дар жыцця спачылага святара, які ў адпаведны час апынуўся на належным месцы.

Упісаўся ў гісторыю Касцёла, які адраджаецца

„Дзякуем за яго святарскія вусны, якія абвяшчалі Божае слова, слова Праўды, а таксама нагадвалі і ўказвалі шлях да неба, да Дому Айца. Дзякуем Богу і за яго святарскія рукі, якія адпускалі грахі, удзялялі Цела Хрыста і благаслаўлялі”, - сказаў біскуп. Іерарх падзякаваў спачыламу за яго сведчанне жыцця, якое назаўсёды ўпішацца вялікімі літарамі ў сучасную гісторыю Касцёла ў Беларусі, які адраджаецца.

Пасля Імшы цела спачылага было пахавана на мясцовых могілках.

pahavanne18

Належыць адзначыць, што жыццё кс. Людвіка было цесна звязана з нашай зямлёй. Ён нарадзіўся ў в. Талькоўка каля Ваўкавыска 8 ліпеня 1945 г., калі завяршыўся час вайны. Быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ў Воўпе.

Адкрыты на патрэбы Касцёла

У 1957 г. ён разам з бацькамі выехаў у Польшчу. Пасля заканчэння харчовага тэхнікума ў Гданьску працаваў пекарам. У 1971 г. пачаў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Госцікаве-Парадыжы. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 8 мая 1977 г. Быў вікарыем і пробашчам у многіх парафіях у Польшчы.

У 1989 г. зноў прыехаў на сваю родную зямлю, на гэты раз на пахаванне свайго дзядзькі кс. Рышарда Вербеля, які 50 гадоў працаваў у парафіі ў Росі, і застаўся там. Бачачы вернікаў, якія прагнулі Бога, кс. Людвік не мог быць да гэтага абыякавым. Яму вельмі цяжка было пакінуць людзей без Евангелля і сакрамэнтаў, без душпастырскай апекі і ціхага спадарожнічання ў цяжкія хвіліны жыцця. Сам ён пазней пісаў свайму тагачаснаму біскупу Ігнацыю Ежу, каб даў згоду на яго служэнне ў Беларусі, што яму “было шкада народа, які застаўся без душпастыра”.

З вялікай руплівасцю і маладым запалам ён адказаў на просьбу біскупа наміната Тадэвуша Кандрусевіча і прыняў новыя абавязкі, абслугоўваючы адразу пяць парафій: у Гнезне, Росі, Мсцібаве, Шыдловічах і Воўпе. З часам у некаторыя парафіі былі скіраваны новыя святары, таму ў кс. Людвіка засталася толькі гнезненская парафія, у якой з 1989 г. практычна да смерці ён быў пробашчам.

У 2016 годзе быў прызначаны ганаровым канонікам Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.

Кс. Юрый Марціновіч