20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў з кананічнай візітацыяй парафію Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. У межах візітацыі парафіяльнай супольнасці іерарх сустрэўся з вернікамі і ўзначаліў святыя Імшы ў касцёле.
Падчас сустрэчы з вернікамі біскуп заклікаў да таго, каб ставіць Бога на першае месца і каб Хрыстус Валадар быў Панам жыцця кожнага хрысціяніна.
У гэты дзень іерарх асвяціў бакавую капліцу, якая была адноўлена дзякуючы старанням пробашча і вялікай ахвярнасці парафіян.
Таксама біскуп сустрэўся падчас візітацыі з рознымі малітоўнымі групамі, якія існуюць у парафіі, з дзецьмі і настаўнікамі. Акрамя таго, іерарх наведаў Іўеўскую цэнтральную раённую бальніцу, дзе сустрэўся з медыцынскім персаналам і пацыентамі.
Біскуп Юзаф Станеўскі наведаў і Іўеўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, дзе падзякаваў яго супрацоўнікам за ахвярную працу на карысць грамадства і дзеля бяспекі людзей.
У дзень візітацыі пробашч іўеўскай парафіі кс. Ян Гавецкі адзначаў 20-годдзе працы ў гэтай парафіі. Таму вернікі таксама склалі сардэчныя віншаванні свайму душпастыру, дзякуючы яму за ахвярнае служэнне.
На заканчэнне візітацыі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў могілкі, дзе маліўся за спачылых святароў, якія служылі ў парафіі, і ўсіх яе спачылых вернікаў.
Кс. Юрый Марціновіч