Skip to main content

Кс. Дзяніс Бразінскі цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў Смаргоні

prymicyja113 лістапада новапрэзбітэр Дзяніс Бразінскі цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу ў сваёй роднай парафіі Св. Міхала Арханёлa ў Смаргоні. У гэтай парафіі будучы святар удзельнічаў у занятках рэлігіі, распачаў служэнне міністранта дзякуючы першаму пробашчу кс. Генрыху Куляшэвічу SDB і, як сам прызнаўся, тут заўсёды адчувае сябе як дома, за што вельмі ўдзячны ўсёй салезіянскай сям’і.

prymicyja5

prymicyja1

Прэзбітэрскае пасвячэнне кс. Дзяніс Бразінскі атрымаў 12 лістапада з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB у гэтай жа парафіі.

Ля алтара разам з кс. Дзянісам сабраліся яго родныя, сябры і аднакласнікі, старэйшыя парафіяне, якія памятаюць яго яшчэ хлопчыкам. Шмат было моладзі і маленькіх парафіян, якія перажывалі гэтую падзею вельмі жыва і актыўна. Таксама прысутнічалі яго шматлікія духоўныя сябры, якія прыехалі з Гродна, Пінска, Глыбокага і іншых мясцін.

Сваю першую святую Імшу кс. Дзяніс Бразінскі мог перажыць вельмі моцна дзякуючы таксама слову, скіраванаму праз прапаведніка – кс. Мікалая Ціхановіча, пробашча з Глыбокага.

prymicyja2

“Служы народу Божаму, як наш Пан”

“Служы, брат мой, народу Божаму, як наш Пан, і святарства тваё будзе набіраць моцы Хрыстовай. Памятай, для чаго Пан цябе памазаў праз апостальскія рукі біскупа Аляксандра, - заклікаў новапрэзбітэра кс. Мікалай Ціхановіч. - Святары пакліканы да таго, каб крочыць з людзьмі, несці ім Добрую Навіну і будаваць супольнасць Касцёла ў любові. Мы павінны быць пастырамі, якія думаюць, чуюць і дзейнічаюць, як Езус”.

prymicyja3

Святар назваў невыпадковым тое, што кс. Дзяніс атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў такі значны час, якім з’яўляецца Юбілейны Год Міласэрнасці, і нагадаў словы Святога Айца, што “быць апосталам міласэрнасці – гэта паказваць усяму свету шлях міласэрнасці і сапраўднае Аблічча Бога”, “дакранацца да ранаў у целе і ў душы шматлікіх нашых братоў і сясцёр, вылечваючы гэтыя раны лекамі міласэрнасці”.

Завяршыў гамілію кс. Мікалай Ціхановіч словамі Папы Францішка: “Евангелле міласэрнасці застаецца адкрытай кнігай, у якой надалей трэба яшчэ запісваць знакі вучняў Хрыста, канкрэтныя жэсты любові, што з’яўляецца сведчаннем міласэрнасці. Мы ўсе пакліканы стаць жывымі аўтарамі Евангелля, несучы Добрую Навіну ўсім людзям”. “А ты, ксёндз Дзяніс, працягвай пісаць Евангелле Хрыстова ўжо ў якасці святара”, - дадаў пробашч глыбоцкай парафіі.

prymicyja4

Перш чым новапрэзбітэр удзяліў усім благаслаўленне, моладзь і дзеці павіншавалі яго, дзякуючы за ягоны прыклад і абяцаючы сваю малітву: “Прыміце сёння нашы віншаванні, паклон падзякі нізкі да зямлі. Здароўя Вам, благаслаўлення Пана, апекі Маці Божай, цеплыні!”

people

Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Дзяніс падзякаваў усім прысутным за тое, што раздзялілі з ім гэтую важную падзею ягонага жыцця, за супольную малітву, за падрыхтоўку літургіі і прыгожы спеў.

JM

Фота Дзмітрыя Палянскага