14 лістапада ў лідскай парафіі Унебаўзяцця НМП і св. Юзафа Каласанса прайшоў дзень засяроджання законных сясцёр, якія працуюць у Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча распачалася Вяночкам да Божай Міласэрнасці і канферэнцыяй, якую да сабраных прамовіў кс. Віктар Ханька, пробашч парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. Падчас канферэнцыі манахіні разважалі над тым, што ім дапамагае і перашкаджае ісці за Езусам.
Затым законніцы мелі магчымасць адараваць Найсвяцейшы Сакрамант і прыступіць да споведзі.
Дзень засяроджання скончыўся св. Імшой, якую ўзначаліў кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. У гаміліі кс. канонік Уладзімір нагадаў пра завяршэнне Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнэсці. У сваіх разважаннях ён дапамог задумацца над тым, як мы перажылі адыходзячы Юбілейны Год: ці не змарнавалі ласкі, якімі Бог адорваў на працягу гэтага святога часу.
Пасля духоўных практыкаванняў сёстры законныя былі запрошаны на абед у парафію айцоў піяраў, дзе прайшоў дзень засяроджання.
а. Вітальд Пяцельчыц SchP