12 лістапада вернікі парафіі Св. Міхала Арханёлa ў Смаргоні сталі сведкамі гістарычнай падзеі ў жыцці мясцовага Касцёла. Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў прэзбітэрскае пасвячэннe выпускнікy Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне дыякану Дзянісy Бразінскаму.
Да гэтага важнага моманту свайго жыцця кандыдат да святарства рыхтаваўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама падчас душпастырскіх практык у Лідзе і Магілёве.
У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што "12 лістапада, калі дыякан Дзяніс прымае прэзбітэрскае пасвячэнне, – дзень успаміну “мучаніка нашай зямлі – святога біскупа Язафата Кунцэвіча, які, прыняўшы мучаніцтва, дасканалым чынам падкрэсліў сваю кансэкрацыю, будучы на выключнай службе планаў Бога, планаў Езуса, планаў Яго Валадарства, планаў Касцёла".
Таксама іерарх нагадаў, што гэты дзень – вігілія завяршэння святкавання Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці ў дыяцэзіях усяго свету. “А значыць, ты, будучы прэзбітэр, пакліканы як святар Юбілейнага Года Міласэрнасці сведчыць аб ёй усім без выключэння”, – дадаў біскуп, звяртаючыся да дыякана.
“Любіць Бога і стаць святаром, які распаўсюджвае Божую любоў”
У Евангеллі, якое дыякан выбраў на дзень свайго прэзбітэрскага пасвячэння, гучыць дыялог Хрыста з Пятром: “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны”? - “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Нагадваючы гэтыя словы, біскуп сказаў: “Прэзбітэрскае пасвячэнне, а, можа, лепш сказаць, кансэкрацыя ўсяго твайго жыцця для Пана, каб ісці за Ім і служыць Яму ў святарстве, нараджаецца і будуецца выключна на любові. Калі мы сутыкаемся з Божай любоўю і ўваходзім у саюз з ёю, у нас узрастае і саспявае жаданне быць цалкам з’яднанымі з нашым Панам і нашым Айцом і служыць выключна Яму”.
“Бог выбраў цябе, дыякан Дзяніс, з любові і дзеля любові. Таму любіць Бога, а таксама стаць святаром, які распаўсюджвае Божую любоў у свеце, – гэта тваё прызначэнне і ў пэўным сэнсе прароцтва”, – падкрэсліў іерарх.
“Пакліканне кожнага, хто прымае прэзбітэрат, неад’емна звязана з тым, каб быць святым святаром. Быць святым прэзбітэрам – гэта і тваё пакліканне, дыякан Дзяніс. Ужо мінуў той час, калі прэзбітэр мог успрымаць святарства як прафесію і мог паводзіць сябе так, нібы ён не служыць, а працуе. Альбо мы з дня ў дзень будзем імкнуцца да святарскай святасці, альбо наогул не будзем святарамі ніколі”, – заўважыў біскуп.
“Памятай, што алтар – гэта не месца дэманстрацыі і паказу нашай асобы і нашага “я”. Тым больш гэта не месца праяўлення нашай улады. Гэта месца, дзе мы цэлебруем таямніцу Укрыжаванага і Уваскрослага Хрыста, таго, хто так палюбіў нас, што даў нам сябе ў хлебе дзеля вечнага жыцця і ў напоі, які вядзе да збаўлення”, – нагадаў іерарх.
“Заслужы гэты важны тытул “айца””
Біскуп заклікаў дыякана Дзяніса Бразінскага “прымаць усіх і кожнага як дзіця Божае і дбаць пра адзінства ў Паўсюдным Касцёле”, “бараніць Касцёл, як сваю Маці, любіць яго і маліцца аб новых і святых пакліканнях у ім”, “суцяшаць, падтрымліваць, выпраўляць і настаўляць з цярплівасцю”, “прыслухоўвацца да патрэбаў тых, хто будзе звяртацца” да яго, і “сведчыць ім аб дабрыні Бога”, “шчодра раздаваць Божую ласку праз удзяленне і цэлебрацыю святых сакрамэнтаў, асабліва праз Эўхарыстыю, сакрамэнт пакаяння, праз намашчэнне святым алеем хворых”.
“Шмат хто ад сённяшняга дня будзе называць цябе “айцом” – айцец Дзяніс. Сапраўды, заслужы гэты важны тытул “айца”, вельмі дарагі для нашых вернікаў, і прымай кожнага з рукамі, адкрытымі для абдымкаў, не дазваляючы сабе здранцвець у прадузятасці”, – заахвоціў дыякана іерарх.
На знак выключнага прысвячэння сябе Богу, стоячы на каленях і ўслухоўваючыся ў словы малітвы біскупа, дыякан Дзяніс Бразінскі выказаў непахісны намер мужна выконваць абавязак святарства, каб быць руплівым супрацоўнікам біскупаў у кіраванні Божым народам з дапамогай Святога Духа. Пасля ўсе прысутныя прэзбітэры, ствараючы супольнасць, услед за біскупам усклалі рукі на галаву выбранага кандыдата.
Пасля ўскладання літургічнага адзення, якое сімвалізуе годнасць і духоўную ўладу святара, а таксама прыемны цяжар Божай службы, новапрэзбітэр першы раз наблізіўся да алтара і прыняў удзел у цэлебрацыі неспасцігальнай таямніцы хрысціянскай веры.
Напрыканцы супольнай Эўхарыстыі ксёндз Дзяніс Бразінскі падзякаваў усім прысутным, сваёй сям’і, святарам, семінарыстам, сёстрам законным, парафіянам за тое, што раздзялілі з ім найпрыгажэйшы момант у яго жыцці і няспынна падтрымлівалі яго на шляху да святарства.
Ксёндз Дзяніс Бразінскі нарадзіўся 1 сакавіка 1992 г. у Смаргоні (парафія Св. Міхала Арханёлa). Скончыў навучанне і фармацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Належыць да ліку святароў Гродзенскай дыяцэзіі, але служыць адправіцца на Магілёўшчыну.
Тэкст: Яўген Амасёнак, навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
Фота Дзмітрыя Палянскага