На мінулым тыдні (2-5 лістапада) у кляштары сясцёр назарэтанак у Навагрудку праходзілі тэматычныя рэкалекцыі для дзяўчат "Жыццё пасля жыцця або як падрыхтавацца да нябеснай вечарыны". Падчас духоўных практыкаванняў верніцы разважалі над тым, у што трэба "апрануцца" на зямлі, каб прайсці "фэйскантроль" у Нябеснае Валадарства.
Сустрэча праходзіла ў духу малітвы і разважанняў над Божым Словам. Дзяўчаты таксама мелі магчымасць паслухаць канферэнцыю на тэму Эўхарыстыі.
"Калі практыкуеш веру, часта адбываецца так, што ўдзел у св. Імшы становіцца чымсьці накштлат звычкі. У сувязі з гэтым часам не задумваешся пра тое, што на самай справе адбываецца на алтары падчас літургіі. Рэкалекцыі дапамаглі глыбей зазірнуць у таямніцу Эўхарыстыі, і кожная з нас усвядоміла прысутнасць Жывога Бога ў Белым Хлебе", - адзначыла адна з удзельніц рэкалекцый.
Вольга Снітко