Skip to main content

Скаўцкі асеннік прайшоў у сапоцкінскай парафіі

skaut 3На мінулых выхадных у парафіі Унебаўзяцця НПМ у Сапоцкіна праходзіў скаўцкі асеннік, тэмай якога стаў твор Клайва Льюіса "Хронікі Нарніі", які змяшчае шмат намёкаў на хрысціянскія ісціны ў даступным для юных чытачоў выглядзе. У асенніку прымалі ўдзел тры групы: "Кап'ё лясной кошкі", "Кап'ё лебедзя" і "Кап'ё ласкі".

skaut 3

У мясцовай парафіі дзяўчынак сустракаў ксёндз Антоні Абухоўскі, з якім яны разам маліліся падчас св. Імшы. У пропаведзі святар раскрыў сутнасць чатырох цнотаў: разважлівасці, справядлівасці, мужнасці і ўстрыманасці, пасля чаго кожная група прадставіла ўласцівую ёй цноту.

skaut 1

Затым, з нагоды Дня ўспаміну памерлых вернікаў, дзяўчынкі дапамаглі мясцовым жыхарам прыбрацца на могілках.

Кульмінацыйным пунктам асенніку стала вялікая скаўцкая гульня, якая праходзіла ў лесе. Там скаўтаў чакалі персанажы з "Хронік Нарніі" і зашыфраваныя пасланні. Удзельніцы гульні змаглі праявіць свае медыцынскія, спартыўныя навыкі і веданне скаўцкіх законаў. 

skaut 2

Падчас забавы скаўты таксама прадставілі ўрывак з кнігі "Хронікі Нарніі". Кожная каманда павінна была прадставіць яго на свой лад: з дапамогай тэатру ценяў, хору або танца.

У нядзелю былі прызначаны кап’явыя і падведзены вынікі гульні. Пад радасныя водгукі пераможцам асенніка было аб’яўлена "Кап’ё лясной кошкі". Яны былі лепшымі ў спаборніцтвах і справядліва заслужылі новую стужку на свой татэм.

На заканчэнне ўдзельніцы скаўцкага руху падзякавалі Богу за дар іх супольнасці і даверылі Яму інтэнцыі сваіх сэрцаў.

Марыя Багдзевіч