Skip to main content

З нагоды літургічнага ўспаміну св. Лукі біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу ў шпітальнай капліцы г. Гродна

szpital318 кастрычніка, у дзень успаміну св. Лукі - заступніка працаўнікоў службы аховы здароўя, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў шпітальную капліцу Божай Міласэрнасці ў клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Гродна.

На ўрачыстай св. Імшы, якую ўзначаліў біскуп, сабраліся медыцынскі персанал і пацыенты бальніцы. Капелан бальніцы кс. Генрык Яблонскі, вітаючы прысутных гасцей, адзначыў, што літургічны ўспамін св. Лукі  з'яўляецца добрай нагодай, каб выказаць падзяку ўсім, хто лечыць і апекуецца хворымі людзьмі.

Падчас Імшы маліліся за ўсіх хворых, пажылых людзей і тых, каго закранула цярпенне, а таксама за ўсіх работнікаў службы аховы здароўя гродзенскай бальніцы, каб яны з вялікай адданасцю і ахвотай служылі ўсім пацыентам.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што прафесія лекара з'яўляецца пакліканнем, якім адорвае Бог. „Менавіта вас, працаўнікоў службы задроўя, Пан паклікаў, каб вы спадарожнічалі тым, каму найбольш патрэбна дапамога. Менавіта Ён дае вам моц, каб падымаць важныя рашэнні і выказваць стойкасць, калі неабходна захаваць вернасць Евангеллю”, – адзначыў іерарх. Біскуп заўважыў, што заданне кожнага лекара - гэта сведчыць словам і прыкладам аб тым, што жыццё чалавека заўсёды з'яўляецца святым, каштоўным і непарушальным, і яго неабходна бараніць.

„Клятва Гіпакрата абавязвае вас служыць жыццю; Евангелле - Божы запавет, гаворыць аб тым, каб вы любілі жыццё і апекаваліся ім асабліва тады, калі яму неабходна дапамога”, – дадаў іерарх.

szpital2

Біскуп Станеўскі падзякаваў усім працаўнікам службы здароўя за адданую службу і штодзённую ахвяру і пажадаў, каб св. Лука, іх патрон, падтрымліваў усялякія намаганні ў справе ратавання вялікага дару, якім з'яўляецца жыццё чалавека.

Кс. Юрый Марціновіч