Skip to main content

Капелан лідскага шпіталя скіраваў пажаданні да працаўнікоў службы здароўя

beganski18 кастрычніка, у дзень успаміну св. Лукі - заступніка працаўнікоў службы аховы здароўя, капелан ЦРБ у Лідзе кс. Юрый Бяганскі скіраваў да ўсіх лекараў, медсёстраў і працаўнікоў шпіталя найлепшыя пажаданні.

„Успамін св. Лукі, апякуна службы здароўя, з'яўляецца днём, калі мы накіроўваем думкі ў напрамку тых, хто сваё пакліканне звязаў з чалавечым цярпеннем, стаў сведкам бескарыслівай любові, прысвячэння, дарам для іншага чалавека”, – адзначае кс. Юрый.

Капелан шпіталя дадаў, што свята св. Лукі з'яўляецца добрай нагодай, каб падзякаваць усім прадстаўнікам медыцынскіх устаноў за іх працу і ахвярнасць, а таксама – каб выказаць сваю пашану.

„Захаванне жыцця іншага чалавека з'яўляецца гонарам і абавязкам, a людзі, якія бяруць на сябе гэтую місію, заслугоўваюць самую глыбокую пашану і хвалу. Дзякуем за прафесіяналізм у дзейнасці, час, прысвечаны хвораму, падбадзёрваючую гутраку і звычайныя праявы цярплівасці”, – дадае кс. Бяганскі.

Святар пажадаў усім працаўнікам службы аховы здароўя, каб іх дзейнасць навучыла сённяшні свет і сучасную медыцыну, што чалавек, які быў створаны на вобраз і падабенства Божае, з'яўляецца цэнным дарам.

(JM)