З 8 па 9 кастрычніка ў Бараўлянах праходзіла сустрэча аб пакліканні для дзяўчат пад тэмай "Адкрываю сябе". Моладзь са Смаргоні, Мінску і Бараўлян сабралася разам у араторыі імя св. Дамініка Савіо. Праграма сустрэчы прадугледжвала як тэарытычныя, так і практычныя заняткі, а таксама духоўныя і малітоўныя моманты падагульнення і разважання.
У суботу пасля супольнай малітвы на ружанцы, дзяўчатам былі запрапанаваныя гульні, якія падвялі да тэмы і спосабу перажывання гэтых двух дзён: “хадзіць вакол самой сябе”, адкрываць і слухаць голас Таго, хто ведае нас лепш, бо Ён нас сатварыў.
Адразу пасля гульні Ірына Рамуальдаўна Клявец правяла фармацыйнае спатканне, праз якое падкрэсліла важнасць крочыць да свайго шчасця, якое ў сваю чаргу залежыць ад таго, як мы сябе прымаем. Пасля вячэры яна запрасіла на працяг сустрэчы, якая мела практычны характар. Выконваючы прадстаўленыя заданні, дзяўчаты самі вызначалі крокі, праз якія жадаюць узрастаць, адкрываючы сябе, імкнуцца да прыняцця сябе, змагацца за сваё шчасце. Дзень скончыўся малітвай і разважаннем перад Езусам Эўхарыстычным - адзіным люстэркам, у якім бачыш сябе ў святле праўды.
Другі дзень сустрэчы распачаўся з разважання над Божым Словам і ўдзелу ў св. Імшы. Невыпадкова ў гэтую нядзелю літургія прадстаўляла ўрывак сустрэчы з Хрыстом, якая аздараўляе, асабліва тых, хто разумее патрэбу быць збаўленым. Дзяўчаты разважалі над тым, як распараджаюцца дарамі, якія атрымалі ў жыцці, і над канкрэтнымі крокамі, праз якія жадаюць аднаўляць у сабе Божае аблічча, атрыманае ў момант хросту.
Напрыканцы дзяўчаты выказалі і падзяліліся сваімі ўражаннямі і перажываннямі, а таксама прадставілі прапановы адносна наступнай сустрэчы. "Шчыра дзякуем Богу, усім удзельнікам і арганізатарам сустрэчы, усім тым, хто дапамагаў, а таксама святарам, якія нас прымалі!", - падкрэслілі маладыя верніцы.
с. Дар'я Еўтухоўская FMA