З 7 па 8 кастрычніка група вернікаў у 50 чалавек з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку разам са сваім пробашчам кс. Юрыем Жэгарынам здзейсніла пілігрымку па святынях Гродзенскай дыяцэзіі. Маршрут, які прапанаваў святар, уключаў наведванне больш за 20 храмаў.
Пілігрымам давялося пабываць у Ліпнішках, Геранёнах, Тракелях, Асаве, Радуні, Начы, Забалаці, Вавёрцы, Васілішках, Новым Двары, Парэччы, Капцёўцы, Адэльску, Макараўцах, Шылавічах, Мсцібаве, Гнезне, Росі, Рэплі і Лунне.
Парафіяне з Навагрудка самі выступілі арганізатарамі паломніцтва: хтосьці рыхтаваў гістарычную даведку адносна святыняў, якія яны збіраліся наведаць, хтосьці рабіў мапу маршрута, а хтосьці - спеўнік пілігрыма. Вернікі былі моцна ўражаны прыгажосцю, веліччу і станам захавання на сённяшні дзень касцёлаў дыяцэзіі. "Адчувалася тытанічная праца святароў і вернікаў вышэйузгаданых парафій", - адзначыў адзін з паломнікаў.
У першы дзень пілігрымкі вернікі з Навагрудка перажылі супольную Эўхарыстыю і ружанцовае набажэнтсва ў парафіі ў Парэччы, дзе мясцовыя сем'і пасля прынялі іх на начлег. У другі дзень пілігрымавання вернікі зрабілі доўгі прыпынак у парафіі ў Росі, дзе іх частаваў абедам кусташ санктуарыя Езуса Журботнага кс. Чэслаў Паўлюкевіч.
Падчас паломніцтва вернікаў асаблівым чынам аб'ядноўваў дух малітвы, які падарожнічаў ім на працягу ўсяго шляху.
Як падкрэсліла адна з удзельніц пілігрымкі, "сумеснае паломніцтва ўзмацняе дух адзінства парафіянаў і дазваляе бліжэй пазнаць адзін аднаго".
Аўтар: Соф'я Байко