Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у Міжнароднай сустрэчы супрацоўнікаў і партнёраў "Карытас"

10-11 кастрычніка ў в. Ляскоўка пад Мінскам адбылася Міжнародная сустрэча супрацоўнікаў і партнёраў "Карытас". У міжнародным форуме з удзелам замежных партнёраў з Чэхіі, Аўстрыі і Германіі прынялі ўдзел у тым ліку дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Стагнеўскі і дырэктар дыяцэзіяльнага "Карытас" кс. Раман Рачко. Тэмай сустрэчы быў дэвіз "Міласэрнасць на дарогах трагедыі".

Распачаўся форум святой Імшой, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Як падкрэсліў пасланнік Папы, хрысціянская дабрачынная дзейнасць перш за ўсё з’яўляецца адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя — апрануты, хворых неабходна лячыць з надзеяй на аздараўленне.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі мелі магчымасць паслухаць шматлікія даклады. З канферэнцыяй, прысвечанай вынікам працы "Карытас" за апошнія тры гады і будучым задумкам, выступіў таксама кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар "Нацыянальнага Карытас", які паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі.

Як падрэсліў святар, ”Карытас” удзяляе асаблівую ўвагу дзецям-сіротам, інвалідам, малазабяспечаным асобам, пенсіянерам, шматдзетным, няпоўным сем’ям, а таксама ўсім, хто перажывае складаную жыццёвую сітуацыю, незалежна ад рэлігійнай, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці".

Паводле catholic.by