У суботу 8 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Цярпліва Слухаючай ў Капцёўцы прайшла інтэграцыйная сустрэча моладзі з душпастырства OPEN. Падчас гэтага традыцыйнага спаткання маладыя вернікі ўрачыста распачынаюць новы навучальны год і давяраюць Найсвяцейшай Марыі ўсе свае турботы.
Сустрэча распачалася вячэрняй св. Імшой і скончылася толькі каля 6-ай гадзіны раніцы. Быў час на супольную малітву і забаву, на адарацыю Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце і споведзь, на слуханне Божага Слова і асабістыя рэфлексіі.
Душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза прамовіў да сабраных канферэнцыю "Як правільна будаваць супольнасць і быць сям'ёй ува Хрысце". Святар распавёў, як навучыцца быць уважлівым у адносінах адзін да аднаго і паяднацца з Богам, "каб атрымалася паглыбіцца ў хвалі Ягонай любові".
У рамах сустрэчы таксама адбыўся прагляд фільму "Марцін Лютэр" пра хрысціянскага багаслова і ініцыятара працэса рэфармацыі, якая ў сваю чаргу паспрыяла ўзнікненню новых канфесій у хрысціянстве. Кінапрагляд быў прымеркаваны да 500 гадавіны расапачацця працэсу рэфармацыі і меў на мэце растлумачыць маладым людзям прычыны яе зараджэння.
Душпастрыства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі "OPEN" арганізоўвае шмат тэматычных спатканняў. Сустрэчы ў малых групах праходзяць рэгулярна, кожны вечар, акрамя суботы і нядзелі а 20.00 гадзіне. Агульныя сустрэчы праводзяцца кожны чацвер у 19.15. Акрамя гэтага некалькі разоў у год моладзь ажыццяўляе выезды на рэкалекцыі ў найбольш прыгожыя парафіі дыяцэзіі.
А. Марцішэўская