29 верасня ў парафіі Cвятога Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася адпустовая ўрачыстасць. Цэлебрацыю галоўнай святой Імшы ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Разам з ім святую Імшу цэлебравалі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, настаяцель салезіянаў у Беларусі, кс. Алег Жураўскі SDB, дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні і пробашч мясцовай парафіі, кс. Леон Ладыш, пробашч парафіі ў Войстаме і кс. Юрый Церабей, пробашч парафіі ў Крэва. Да прыгажосці літургіі сваёй паслугай прычыніўся таксама дк. Дзяніс Бразінскі. У канфесіянале вернікам служыў кс. Антоні Казлоўскі, пробашч парафіі ў Вішнева.
Падчас гаміліі, разважаючы над асобай галоўнага заступніка смаргонскай парафіі, біскуп Аляксандр звярнуў увагу на тры рэчы, пра якія трэба памятаць і рэалізоўваць у сваім жыцці па прыкладзе святога Міхала Арханёла.
- Па-першае, само імя св. Міхала Арханёла дае нам вялікую падказку ў тым, да чаго мы павінны імкнуцца. З габрэйскай мовы Міка-эль азначае "хто ж як Бог". Бога варта паставіць на першае месца ў сваім жыцці, і тады шматлікія цяжкасці, клопаты і праблемы знікнуць. Па-другое, каментуючы літургічнае чытанне з Кнігі Апакаліпсіса св. Яна, іерарх узгадаў пра барацьбу, якую вёў святы Міхал Арханёл, абараняючы Бога. Таму і мы павінны бараніць сваю веру, асабліва ў сучасным свеце. Бараніць Бога і Касцёл. І па-трэцяе, асобы святых арханёлаў, якіх сёння ўзгадваем, заахвочваюць нас аднавіць сваю пашану і пабожнасць да арханёлаў і анёлаў, асабліва да анёлаў-ахоўнікаў, таму што яны з’яўляюцца нашымі найлепшымі сябрамі.
Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB выказаў словы падзякі біскупу Аляксандру і падарыў яму фігурку Добрага Пастыра. Пазней біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB выразіў сваю радасць у сувязі з тым, што мог перажыць гэтае цудоўнае свята ў роднай парафіі і ў родным горадзе. Сказаў некалькі словаў адносна свайго служэння на магілёўшчыне, дзе каталіцкі Касцёл увесь час развіваецца. Падзякаваў вернікам сваёй роднай парафіі за дапамогу, якую ў мінулым годзе на свята святых арханёлаў яны аказалі пробашчу парафіі ў Крычаве. Біскуп падкрэсліў, што "смаргонскія парафіяне заўсёды былі ахвярнымі і гатовымі дапамагчы".
Яго Эксцеленцыя выразіў таксама сваю радасць ў сувязі з тым, што ў парафіяльным касцёле адбываецца рамонт і неўзабаве будзе зменены галоўны алтар.
Напрыканцы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў усім прысутным Божае благаслаўленне.
Паводле sdb.by