Skip to main content

Знаёмімся з першым курсам гродзенскай ВДС!

kler6Неўзабаве ў гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі распачнецца новы навучальны год. Сёлета на першы курс семінарыі залічаны чацвёра юнакоў з розных куткоў дыяцэзіі. Запрашаем пазнаёміцца з імі на старонцы нашага парталу.

 

 

 

Станіслаў Юрэвіч, 19 гадоў, парафія імя Святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні

kler2

Стас скончыў сярэднюю школу. Любіць спорт, асабліва футбол і тэніс. Калі мае вольны час, любіць дапамагаць сваім братам і сёстрам вучыцца размаўляць з Богам праз малітву. У дадзены момант юнак прывыкае да новых абставінаў жыцця ў семінарыі, і адзначае, што даўно чакаў моманту знаёмства з духоўнымі настаўнікамі.

Са слоў Стаса, сапраўдны святар - той, хто ўмее заўважыць патрэбу бліжняга, клапоціцца пра сваіх вернікаў і, незалежна ад жыццёвых абставінаў, заўсёды дзякуе Богу за дар свайго паклікання.

Любімая цытата з Бібліі: "Не хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое паходзіць з вуснаў Божых" (Лк, 4:4).

Віталій Гурэц, 18 гадоў, парафія імя Святога Вацлава ў Ваўкавыску

kler4

Пасля заканчэння сярэдняй школы Віталій вывучаў асновы будаўніцтва ў ліцэі. Юнак мае дасягненні ў спорце: у 2015 годзе яму быў прысвоены ІІ дарослы разрад па настольнаму тэнісу. Хлопец спадзяецца, што ягоныя навыкі будуць прыдатнымі і падчас навучання ў семінарыі.

Віталій лічыць, што святар павінен быць добра адукаваным, добразычлівым і простым у людскім зносінах чалавекам.

Любімая цытата з Бібліі: "Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў" (Ян, 15:16).

Андрэй Юхнік, 18 гадоў, парафія п. н. Святой Сям’і ў Лідзе

kler1

Андрэй скончыў сярэднюю школу. Неаднаразова прымаў узел у раённых алімпіядах па нямецкай мове і займаў прызавыя месцы. Любіць гуляць у футбол і адсочваць спартыўныя навіны. Цікавіцца музыкай. Юнак адзначае, што са смуткам пакінуў сваю сям’ю і сяброў, але з першых хвілін прабывання ў семінарыі адчувае сябе вельмі добра.

Андрэй падкрэсліў, што сапраўдны святар не павінен асуджаць, быць ганарыстым. Яму варта памятаць пра тое, што ягоныя паводзіны служаць прыкладам для людзей навокал.

Любімая цытата з Бібліі: “Адзін жа Заканадавец і Суддзя, Які можа збавіць і загубіць. А ты хто такі, што судзіш бліжняга?” (Ліст св. Якуба, 4:12).

Віктар Рэйшэль, 17 гадоў, з парафіі п. н. Перамянення Пана з В. Бераставіцы

kler3

Віктар скончыў сярэднюю школу. Любіць замежныя мовы і практыкуецца ў ігры на гітары. Любімы напрамак у музыцы – шматлікія разнавіднасці року. Юнак заахвочвае кожнага, хто адчувае пакліканне да святарства, не закрываць свае сэрцы, а адважна выбіраць гэты шлях.

Паводле слоў Віктара, сапраўдны святар – гарачы ў малітве і сціплы ў паводзінах чалавек.

Любімая цытата з Бібліі: “І Я табе кажу: "Ты – камень, і на гэтым камяні пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць Яго” (Мц, 16:18).

На дадзены момант у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разам з семінарыстамі на літургічна-душпастырскіх практыках навучаецца каля 30 чалавек.

Падрыхтавала А. Марцішэўская