17 верасня ў Слоніме адбыўся ХІІ турнір па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ. Сёлета спартыўае мерапрыемства сабрала 16 каманд з усёй Беларусі: чатыры каманды з Гродна, дзве з Мінска, дзве са Слоніма, па адной з Ліды, Маладзечна, Сапоцкіна, Баранавіч, Паставаў, Новай Мышы, Докшыц, Грандзічаў-Путрышак.
Удзельнікаў турніру традыцыйна прымала парафія Беззаганннага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме. У 9 гадзін раніцы для іх адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Ігар Анісімаў, пробашч слонімскай парафіі. Гамілію прамовіў а. Павел Федаровіч МІС з парафіі ў Мінску (Сухарава). Айцец разважаў над прыпавесцю пра сейбіта, якую распавёў Езус у Евангеллі і растлумачыў вучням: Бог — сейбіт, зерне — Божае слова, чатыры розныя віды глебы — чатыры розныя групы слухачоў. Па словах святара, сярод людзей, якія слухаюць словы Пана, можна вылучыць наступныя групы: няўважлівыя, павярхоўныя, няўстойлівыя, старанныя. Айцец Павел Федаровіч адзначыў, што для чытання і слухання Бібліі неабходна ўнутраная дысцыпліна, у здабыцці якой дапамагае знешняя, а апошняя набываецца і развіваецца, напрыклад, з дапамогай спорту. Святар дадаў, што духоўнае жыццё (Божае слова) і фізічнае (спорт) дапамагаюць, як сказаў Роберт Левандоўскі, "быць добрым чалавекам і рабіць як найменш памылак".
Пасля каманды скіраваліся на футбольнае поле, дзе да іх перад пачаткам спаборніцтваў звярнуўся з прывітальным словам генеральны спонсар турніру Баляслаў Івашка (ААТ "Виботорг"). Каманды былі раздзелены на чатыры групы. Правёўшы па тры матчы ў сваіх групах, удзельнікі выявілі пераможцаў. Пасля абеду каманды выйшлі разыграць выніковыя месцы – з 1 па 16-е. Матчы праходзілі ў бескампраміснай барацьбе, не аднойчы даводзілася прабіваць пасляматчавыя пенальці для таго, каб выявіць пераможцу.
У матчы за 3-е месца, дзе змагаліся каманды Мінск-Смаргонь і Ліда (Святой Сям'і) асноўны час гульні быў 2-2. У серыі пенальці перамогу з лікам 3-1 атрымала каманда Мінск-Смаргонь, заняўшы тым самым 3-е месца.
Фінальная гульня стала ўпрыгажэннем усяго турніру. Каманды Маладзечна і Грандзічы-Путрышкі асноўны час завяршылі з лікам 1-1. У серыі пенальці больш пашанцавала камандзе з Маладзечна, якая перамагла з лікам 2-0 і заняла першае месца на турніры.
Пасля ўсіх гульняў адбылася цырымонія ўзнагароджання, на якой акрамя кубкаў і медалёў, а таксама асноўных намінацый, былі ўручаны прызы лепшым гульцам у кожнай з каманд-удзельніц. Усе ўдзельнікі турніру атрымалі каштоўныя падарункі ад генеральнага спонсара Баляслава Івашкі. Мерапрыемства завяршылася святочнай вячэрай.
Удзельнікі турніру выказваюць падзяку ген. спонсару Баляславу Івашка (ААТ "Виботорг"), Юрыю Бяссонаву ("Газпром трансгаз Беларусь"), Пастаральнаму цэнтру Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, трэнерскаму штабу футбольнага клуба "Слоним", валанцёрам і клерыкам ВДС у Гродне.
Выніковыя месцы:
1. Маладзечна (Св. Юзафа)
2. Грандзічы-Путрышкі
3. Мінск-Смаргонь (айцы салезіяне)
4. Ліда (Святой Сям'і)
5. Гродна-Вішнявец
6. Паставы
7. Докшыцы
8. Гродна-Аўгустовак
9. Гродна-Дзевятоўка
10. Сапоцкін
11. Гродна-Паўднёвы
12. Новая Мыш
13. Баранавічы
14. Слонім (Св. Андрэя)
15. Мінск (Сухарава)
16. Слонім (Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі)
Лепшы гулец турніру – Сяргей Сініцкі (Ліда, Святой Сям'і).
Лепшы бамбардзір турніру – Ілья Лемеш (Баранавічы).
Лепшы брамнік турніру – Вадзім Леановіч (Маладзечна).
Прыз глядацкіх сімпатый – каманда Мінскa (Сухарава).
кс. Артур Малафей