Парафіяльныя Місіі - гэта не простыя набажэнствы, а своеасаблівыя рэкалекцыі-практыкаванні, якія ачышчаюць, узмацняюць веру ў Бога і набліжаюць чалавека да духоўнага ідэалу праз разважанні, споведзь і парады святароў.
Кожны з пяці дзён рэкалекцый быў прысвечаны пэўнай тэме: гэта былі навукі для жанчын і мужчын, для сем’яў з аднаўленнем сужанскай прысягі і г. д.. Кожны дзень такіх набажэнстваў, прасякнутых незвычайнай узнёсласцю і пачуццём адзінства, якое дораць менавіта падобныя місійныя дні, яшчэ больш распальваў душы парафіян, якія нібы адна вялікая сям’я збіраліся пад высокім скляпеннем касцёлу Узвышэння Святога Крыжа.
Вераснёўскія Місіі былі адметныя і тым, што праводзіў іх кс. Аляксей Раманчук з Барысава. Яго набажэнствы і казанні былі блізкімі і зразумелымі для кожнага, хто заходзіў у гэтыя дні ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа.
– Гэты год – юбілейны для касцёлаў Беларусі, – распавядае ксёндз Аляксей. – Дваццаць пяць гадоў таму на нашых тэрыторыях адрадзіліся касцёльныя структуры. З гэтай нагоды ў парафіях Гродзенскай дыяцэзіі і адбываюцца Місіі, мэта якіх – узняць той духоўны імпульс, які, на жаль, з цягам часу прытупіўся. Мы разам з парафіянамі разважалі, маліліся і вучыліся.
На заканчэнне святых Місій быў устаноўлены і асвечаны крыж - магутны драўляны сімвал веры, як напамін вернікам аб засвоеных навуках і даверу Богу, які ўзрос на працягу гэтых дзён.
Паводле www.ostrovets.by