2 верасня распачаў сваю новую жыццёвую прыгоду дыякан Анджэй Ганчар, выхаванец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Ён пайшоў на адважны крок - выезд на гадавую місію ў Камерун (Афрыка). Дк. Анджэй прагне выконваць там валанцёрскую паслугу сярод дзяцей і моладзі ў Доме дзіцяці.
Пасля 10-гадзіннага пералёту дыякан дасягнуў мэты свайго падарожжа. У аэрапорце яго прывітаў польскі дамініканін а. Дарыюш Гадава, які ўжо на працягу шматлікіх гадоў займаецца паляпшэннем узроўню жыцця камерунскіх дзяцей: працуе над іх духоўнай фармацыяй, робіць магчымым атрыманне адукацыі, выпраўляе сацыяльныя ўмовы.
У аэрапорце дк. Анджэя чакала таксама моладзь з камерунскага Дому дзіцяці. "Гэта была цудоўная сустрэча, шмат эмоцый і пазітыўных уражанняў", - адзначае сам дыякан.
Дк. Анджэй Ганчар адкрыў cвой шлях да місіянерскага служэння яшчэ падчас фармацыі ў семінарыі, затым удасканаліў сваю ўпэўненасць, што служэнне найбольш патрабуючым - гэта нясенне Евангелля там, дзе пра Яго яшчэ не чулі.
Сёння, калі падыходзіць да канца тыдзень прабывання ў Камеруне сярод чорнаскурых дзяцей і моладзі, будучы святар дзякуе Пану Богу і людзям, якія дапамаглі яму ў рэалізацыі яго планаў:
- У першую чаргу хачу падзякаваць Богу за тое, што Ён даў мне магчымасць прысутнічаць тут. Вельмі ўдзячны таксама бп. Аляксандру Кашкевічу за тое, што ён даў сваю згоду на мой выезд у Камерун. У сваіх малітвах я памятаю пра ўсіх людзей, якія ахвяравалі на місію свае фінансавыя сродкі. І ў сваю чаргу буду вельмі ўдзячны за кожную "Вітай, Марыя" у маёй інтэнцыі.
Наперадзе ў маладога і поўнага энергіі дыякана яшчэ шмат дней, якія трэба правесці на чужыне. Напэўна, ён не раз будзе моцна ўражаны асяроддзем, у якім знаходзіцца, атмасфернымі з'явамі надвор'я, спаткаецца з іншай культурай, звычаямі і традыцыямі...
Хацелася б толькі паждаць яму, каб гэтая місія - новая жыццёвая прыгода атрымала Божае благаслаўленне, a Добрая Навіна пра збаўленне дасягнула шматлікіх людзей.
Кс. Юрый Марціновіч