Skip to main content

У парафію ў Каробчыцах унеслі рэліквіі св. Максімільяна Кольбэ

korobczycy3Святочная падзея адбылася 13 жніўня. Рэліквіі аказаліся ў парафіі невыпадкова – св. Максімільян з'яўляецца яе апякуном, а таксама ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі.

 

korobczycy3

У гэтым годзе адзначаецца 75 гадоў з дня яго мучаніцкай смерці. Св. Максімільяна Кольбэ забілі 14 жніўня 1941 г. у нямецкім нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры Асвенцым.

Як адзначыў падчас урачыстасці пробашч парафіі кс. Ян Рушніцкі, рэліквіі будуць пабуджаць парафіяльную супольнасць развіваць культ Маці Божай, верным слугой якой быў св. Максімільян, і спрыяць духоўнаму ўзрастанню вернікаў.

Праз заступніцтва св. Максімільяна парафіяне змогуць давяраць Богу свае інтэнцыі і справы Касцёла.

Рэліквіі ўрачыста ўнёс у святыню біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас св. Імшы іерарх адзначыў, што парафіяльная супольнасць выбрала сабе чарговага заступніка і даверылася штодзённай апецы вялікага святога.

Біскуп Кашкевіч папрасіў вернікаў, каб праз заступніцтва свайго святога апякуна яны выпрасілі Божае благаслаўленне спачатку для сябе, сваіх блізкіх, парафіяльнай супольнасці і ўсёй дыяцэзіі.

У гаміліі кс. Аляксандр Мацкевіч падкрэсліў, што св. Максімільян вучыць сучаснага чалавека аддаваць сябе як дар іншаму чалавеку. „У св. Максімільяна не адабралі жыццё, гэта ён яго аддаў з любові да бліжняга", - адзначыў святар.

У 1922 - 1927 гг. святы Максімільян нёс манаскую паслугу ў Гродне ў парафіі Маці Божай Анёльскай.

Кс. Юрый Марціновіч