Skip to main content

Удзельнікі СДМ пра самы яскравы момант Сусветных дзён моладзі ў Кракаве

sdm kr 1Cусветныя дні моладзі ўжо скончыліся, але плён застаўся. Што пакінула найбольшае ўражанне на ўдзельніках СДМ з нашай дыяцэзіі, чытайце ніжэй.

 

 

 Андрэй Буйніцкі, моладзевае душпастырства "OPEN"

sdm kr 5

Канешне, самым запамінальным момантам сёлетніх СДМ стала для мяне сустрэча з Папам Францішкам 28 ліпеня. Калі Папа выйшаў на балкон будынку па вул. Францішканскай, мяне захліснулі эмоцыі – упершыню давялося знаходзіцца побач з такім "вялікім" чалавекам. Незабыўнае ўражанне пакінула імправізаваная прамова Святога Айца – кожнае яго слова гучала як малітва.

Вольга Сяліцкая, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне

sdm kr 3

СДМ у Кракаве – гэта адно велізарнае ўражанне. Мяне цешыла ўсё навокал: моладзь з 6 кантынентаў, "крычалкі" на розных мовах, усмешкі, "пяцюні”. Таксама ўразілі людзі, што сустракалі нас - яны пакарылі мяне сваёй цеплынёй. Магчыма, многія з удзельнікаў СДМ ехалі, каб убачыць Папу, але без вышэй узгаданых дробязяў Сусветныя дні моладзі не маглі б пахваліцца такой чароўнай атмасферай.

Таксама хачу падзяліцца, што за месяц да выезду на СДМ кс. Антоні Грэмза склаў спіс людзей, якія падчас адарацыі з Папам павінны былі мець месцы бліжэй да Святога Айца. Мне пашчасціла трапіць у гэты спіс і ўжо ў Кракаве я даведалася, што маё месца знаходзіцца каля самага алтара, на адлегласці некалькіх метраў ад Папы. Я побач з Найсвяейшым Сакрамантам і Святым Айцом – гэта лепшае, што магло мяне спаткаць падчас СДМ, гэта быў момант незвычайна плённай малітвы.

Кранулі словы Папы пра тое, што яго засмучае, калі моладзь у 20 гадоў паводзіць сябе як пенсіянеры: нічога не хоча рабіць, не хоча рухацца, а большасць свайго часу праводзіць каля кампутара ці тэлевізара.

Віктар Богдан, парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе

sdm kr 6

Для мяне вельмі важным момантам была св. Імша з удзелам Папы Рымскага, таму што ён падае нам прыклад паводзінаў у жыцці і стаўлення да Бога і людзей. Узбагаціўся духоўна. Знайшоў шмат новых сяброў. Пазнаёміўся з моладдзю з розных краін і іх культурай. Вялікі дзякуй арганізатарам і гаспадарам СДМ, кіраўніку беларускіх пілігрымаў кс. Антонію Грэмза.

Аксана Махневіч, парафія Божай Міласэрнасці ў Гродне

sdm kr 4

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве сталі для мяне сапраўдным падарункам лёсу. Займальныя экскурсіі, шматлікія канцэрты, новыя знаёмствы, горы ўражанняў, незабыўныя эмоцыі, бясконцая радасць, доўгачаканая сустрэча з Папам Францішкам - усё гэта пакінула глыбокі сонечны след у маёй душы.

Мільёны людзей сабраліся ў Кракаве, каб дружна маліцца, спяваць, танцаваць, праслаўляць Бога ўсім сэрцам. І няхай мы прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, жывем на розных кантынентах і гаворым на розных мовах, але адчувалася, што разам мы - хрысціяне, католікі, адно цэлае! Таксама вельмі цешыць, што і ў нашай краіне ёсць актыўная моладзь, якая дакладна ведае, чаго хоча, і смела крочыць па слядах Хрыста.

Наташа Лойка, парафія св. Францішка Ксаверыя ў Гродне

sdm kr 2

Для мяне СДМ прынеслі шмат пладоў. Я зразумела, што нягледзячы на тое, што ўсе мы розныя і па-рознаму праслаўляем Бога, мы ўсе браты і сёстры ў Хрысце. Мы разам прайшлі Крыжовы шлях, перажылі адарацыю і св. Імшу, і гэта было выдатна, я адчула неверагодны прыліў сіл і энергіі проста ад таго, што побач са мной тысячы такіх жа, як і я. Мне ўсё спадабалася, былі і цяжкасці, але ўсё было вырашальна дзякуючы бясконцай Божай Міласэрнасці.

Нэлі Болдак, парафія ў Рэплі

repla

Для мяне самым запамінальным момантам СДМ быў супольны спеў гімну Сусветных дзён моладзі на розных мовах. Мовы перапляталіся адна з адной і з хаоса паўстаў моцны дух адзінства. Ну і канешне сутрэча з Папам Францішкам, і ў выніку - натхненне на год наперад. Я буду доўга ўспамінаць дні, якія правяла ў Кракаве.

А. Марцішэўская, В. Сяліцкая