9 мая завяршыліся 23-ыя Дыяцэзіяльныя дні моладзі, якія сёлета прымала парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. У гэтым годзе трохдзённая сустрэча сабрала маладых вернікаў не толькі з Гродзенскай дыяцэзіі, але і з-за яе межаў. У днях моладзі ўдзельнічалі хлопцы і дзяўчаты з Бараўлянаў, Магілёва, Светлагорска і інш.
У апошні дзень спаткання моладзь наведаў кс. бп. Аляксандр Кашкевіч. Падчас св. Імшы ардынарый заклікаў моладзь кіравацца дэвізам сёлетніх ДДМ і весці людзей да Хрыста, нанова адкрываючы ўчынкі міласэрнасці для душы і цела.
Цытуючы словы Папы Францішка, што міласэрнасць не з'яўляецца паблажлівасцю або спачуваннем, але праўдзівасцю паставы, біскуп Аляксандр заклікаў таксама мець адвагу трываць у міласці, нягледзячы на пасткі сучаснасці, і з яе дапамогай змяніць гэты свет.
Напрыканцы набажэнства ўсе прысутныя на чале з арганізатарам ДДМ кс. Антоніем Грэмзам падзякавалі ксяндзу-пробашчу парафіі ў Мастах Віктару Ханька і мастаўчанам за тое, што, нягледзячы на маленькія памеры парафіі, яны аказалі годны прыём вялікай колькасці прыбылых хлопцаў і дзяўчат.
Пасля св. Імшы моладзь мела магчымасць уступіць у “Рух чыстых сэрцаў” або аднавіць свае абяцанні, калі ўжо далучылася да яго ў мінулым годзе.
Выступ гурту "Рыбы" завяршыў Дыяцэзіяльныя дні моладзі 2016.
Падрыхтавала А. Марцішэўская
Фота: В. Сяліцкая