20 сакавіка супольнасць Касцёла адзначыла Пальмовую нядзелю - свята, якое ўводзіць у атмасферу Вялікага тыдня. У гэты дзень вернікі г. Гродна з вербамі ў руках сабраліся на ўзгорку каля Пабернардынскага касцёла на ўспамін Уваходу Езуса ў Ерусалім. Пасля сімвалічнага вітання Хрыста прысутныя парцэсіяй накіраваліся да катэдральнага касцёла, дзе прынялі ўдзел у св. Імшы. Набажэнствы ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
У сваёй гаміліі ардынарый адзначыў, што "сёння мы перажываем той час, які шмат стагоддзяў таму стаў момантам найвялікшай драмы - момантам адрачэння чалавека ад Бога":
- Не зважаючы на здраду, Бог падарыў людзям надзею на ўваскрасенне, бо няма такога граху, які змог бы стрымаць Ягоную любоў.
Напрыканцы біскуп Аляксандр заклікаў кожнага задацца пытаннем адносна сваіх адносін да Хрыста:
- Ці адкрыў я сваё сэрца для Езуса? Ці можа паводжу я сябе як апостал Пётр, здрадваючы Ягоную сяброўскую любоў? Або выношу неспарвядлівыя прысуды Богу і бліжняму, як Пілат? А можа я пераймаю натоўп, прагнучы прыніжэння і ўкрыжавання Езуса?
Езус Хрыстус, паказваючы, што ён уваходзіць у Ерусалім з жаданнем міру і супакою, а не вайны, заехаў туды на асле (на Усходзе ўязджаць у горад на асле - сімвал міру, верхам на кані - сімвал вайны). Так і штогод Езус прыходзіць, каб напоўніць сэрцы супакоем і любоўю і прагне, каб толькі адкрыліся на Яго.
Тэкст: Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая