Skip to main content

У смаргонскім Араторыі адбыўся другі тур “Бітвы мікрараёнаў-2016

У суботу 27 лютага ў смаргонскім араторыі адбыўся другі, інтэлектуальны тур Бітвы мікрараёнаў-2016. Варта адзначыць, што да каманды СНГ далучылія хлопцы, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу ў Смаргонскай пагранічнай групе, і яны будуць браць удзел у Бітве да яе заканчэння.

Каманды зыгралі 10 тураў па 10 пытанняў на тэму “Мая Беларусь”, адзін відэятур па Смаргоншчыне і супер тур, у які можна было палепшыць свае становішча напрыканцы гульні. Падчас правядзення тураў у гульні мог прыняць удзел кожны член каманды, калі толькі ён быў свядомы па пытаннях аб Беларусі ў вобласці геаграфіі, гісторыі, музыкі, спорту і інш.

Пераможцам гульні ў другім туры выйшла каманда “Аліўе” (75 балаў). Другое месца ў каманды SWEG (70 б.), трэцяе – у СНГ (56 б.). Па выніках двух тураў з невялікай перавагай лідыруе каманда SWEG (196), затым ідзе “Аліўе” (194), крыху адстае СНГ (176).

Дырэктар ДУА “Гімназія г.Смаргоні” Ірына Анатольеўна Дурэйка выказала ўсім падзяку, пахваліўшы моладзь за яе інтэлект: “Вы вялікія малайцы і разумнікі!”. Дырэктар ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.Смаргоні” Ала Анатольеўна Коваль зазначыла, што нават журы не заўсёды ведала адказы на пытанні, на якія адказвалі ўдзельнікі: “Вельмі вамі ўсімі ганаруся”. Дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Алег Жураўскі SDB таксама пахваліў моладзь і падзякваў настаўнікам за тыя глыбокія веды аб Беларусі, якія паказалі ўдзельнікі гульні, а напрыканцы вечара ўсіх паблагаславіў.

Наступны тур “Бітвы мікрараёнаў-2016” адбудзецца 19 сакавіка 2016 г. Гэта будзе тур спартыўных гульняў.

Паводле www.sdb.by