Skip to main content

Праект-разважанне “Да Езуса з ксяндзом Боско” распачаўся ў дзятлаўскім араторыі

Стала добрай традыцыяй у араторыі імя благаслаўлёных мучанікаў з Познані г. Дзятлава распрацоўваць праект-разважанне на Вялікі Пост. І гэты год не стаў выключэннем. “Да Езуса з ксяндзом Боско” – так гучыць тэма на Вялікі Пост 2016 года, дэвізам якога сталі словы “О, Езу найцярплівейшы! Будзь міласэрны да нас!”. 27 лютага ў рамках рэалізацыі праекта-разважання ў араторыі адбыўся дыялог на тэму “Эўхарыстыя і Марыя ў маім жыцці”.

Распачалася сустрэча супольнай малітвай. Працягам стала гульня, якая дазволіла ўсім прысутным адчыніць свае сэрцы для пазнання самога сябе. Асноўная частка сустрэчы была пабудавана на сне св. Яна Боско “Сон пра дзве калоны” і пасвячалася абмеркаванню ролі Эўхарыстыі ў жыцці сапраўднага хрысціяніна, Марыі, як прыклада паслухмянасці і пакорнасці.

Кожны з прысутных мог падзяліцца сваімі думкамі, перажываннямі, прыкладамі са свайго ўласнага жыцця на дадзеную тэму. Падчас дыялогу кс. Здзіслаў Пікула SDB падкрэсліў: “Удзел у Эўхарыстыі дапамагае кожнаму з нас паяднацца з Хрыстом. Праз Эўхарыстыю Хрыстос умацоўвае нас сваёй ласкаю, аднаўляе ў нас Божае жыццё. Марыя – наша нябесная матуля, якая на працягу свайго жыцця выконвала Божую волю. Кожны з нас можа яе ў гэтым наследаваць”.

Працягам мерапрыемства стала супольная праца дзяцей і моладзі. Было прапанавана зрабіць калаж “Мае пастановы на Вялікі Пост”. Завяршылася сустрэча, згодна з салезіянскай традыцыяй, “Словам на добрую ноч”.

Алена Баклага