13 лістапада ў Новым Замку адкрылася экспазіцыя ёлачных цацак розных часоў сабраных з усіх кантынентаў. Усе экспанаты выставы належаць мінскаму калекцыянеру Андрэю Бегуну. Экспазіцыя сярод іншых раскрывае тэму Раства Хрыстова і гісторыі св. Мікалая ў аздабленні і ўпрыгожванні ёлачных цацак.
Св. Мікалай
Ёлачная цацка з сярэдзіны ХІХ стагоддзя (Чэхія)
Сярод экспанатаў ёсць копія ёлачнага шара, які падарылі св. Яну Паўлу ІІ прадстаўнікі польскай фабрыкі цацак. Прыняўшы падарак св. Ян Павел ІІ благаславіў працаўнікоў фабрыкі на поспех у іх бізнэс-справе. Дарэчы, гэтая цацка дыяметрам 20 сантыметраў занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самая вялікая.
Падчас экскурсіі ў дзень адкрыцця выставы яе ўладальнік А. Бегун распавёў, што ёлачная цацка-цукерка ў выглядзе кія - candy cane - мае сваю гісторыю ўзнікнення:
- Адметную форму "крука" традыцыйна прыпісваюць выдумцы святара, які служыў у Кёльнскай катэдральнай святыне ў Германіі. Паводле падання ў 1670 гэты святар сагнуў прамы лядзяш ў крук, адлюстраваўшы такім чынам посах пастуха - сімвал Добрага Пастыра. Затым ён раздаў цукеркі-ледзяшы дзецям падчас царкоўнай службы.
Афрыканскія ёлачныя цацкі
"Мадонна з дзіцём" Леанарда да Вінчы таксама ўпрыгожыла ёлачную цацку
На выставе таксама ўсе жадаючыя могуць набыць цацкі і паштоўкі, паўдзельнічаць у майстар-класе па роспісу фарбамі ёлачных цацак і скласці віншавальную паштоўку для блізкіх.
Убачыць выставу ў Новым замку можна будзе да канца студзеня 2016 года.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая