Увечары 17 кастрычніка ў гродзенскім пабрыгідскім касцёле адбылося асвячэнне духоўных сімвалаў Сусветных Дзён Моладзі - мініяцюр крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani.
Паводле слоў духоўнага настаўніка моладзі кс. Антонія Грэмзы, асвячэнне гэтых сімвалаў афіцыйна распачало час падрыхтоўкі да СДМ 2016. "Калі чалавек мае перад сабой добрую мэту, ён напаўняецца неверагоднай сілай волі падчас імкнення да яе, і гэты час чакання дае чалавеку духоўную радасць, адорвае весялосцю і ўвогуле становіцца для яго непаўторным", - звярнуўся да моладзі кс. Антоні падчас вячэрняй св. Імшы.
Святар таксама адзначыў, што на дадзены момант да ўдзелу ў СДМ зарэгістравалася каля 300 тысяч чалавек, і што гэтая лічба ўзрасце яшчэ ў некалькі разоў, бо рэгістрацыя будзе трываць да канца чэрвеня 2016 года. "Мяне вельмі кранае тое, што вы на ўсласныя вочы зможаце ўбачыць, якой велізарнай з'яўляецца маладая сіла Касцёла", - падагульніў святар.
На заканчэнне св. Імшы асвечаныя духоўныя сімвалы СДМ былі ўрачыста ўручаны дэлегацыям моладзі з кожнай парафіі г. Гродна і семінарыйнай супольнасці.
Малітва духоўнага прыняцця Крыжа Сусветных Дзён Моладзі і абраза Маці Божай (Salus Populi Romani)
Заснавальнік і вялікі Заступнік Сусветных Дзён Моладзі, Святы Яне Павле II, Падрыхтоўваючыся да Свята Моладзі ўсяго Касцёла, мы прымаем з вераю Сімвалы, якія Ты даручыў несці моладзі ўсяго свету – Крыж і Абраз Маці Божай. На доказ адзінства з моладдзю ўсяго Касцёла, мы хочам адкрыць нашыя сэрцы на запрашэнне Езуса ісці дарогай любові, адзінай дарогай, якая вядзе да сапраўднага шчасця на зямлі і ў вечнасці. Просім Цябе, Святы Яне Павле II, айцец і сябар усёй моладзі, дапамагчы нам адкрыць нанова і зразумець, што Езус ёсць з намі і ніколі пра нас не забывае. Дапамажы нам пераадолець страх і цалкам Яму даверыцца. Свята Марыя, Маці Божая, Святы Яне Паўле II, дапамажыце адказаць на заклік Езуса, каб быць людзьмі Божых блаславенняў, а асабліва зразумець, як быць міласэрнымі. Няхай жыццё ўсяго чалавецтва напоўніцца сэнсам і прынясе плён сапраўднай любові. Марыя, нашая Маці, дапамажы нам жыць згодна са Словам Твайго Сына, нашага Пана Езуса Хрыста. Амэн
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая