Skip to main content

У Лідзе прайшлі "Канікулы з Богам"

Для многіх дзяцей і падлеткаў жнівень не самы лепшы месяц, бо набліжаецца час ісці ў школу. Але для дзяцей з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ліда-Індустрыяльны – гэта чарговая магчымасць правесці цэлы тыдзень на Канікулах з Богам. У гэтым годзе яны праходзілі з 9 па 16 жнівеня. Восем насычаных дзён, бясконцая колькасць яркіх і незабыўных момантаў, мора ўсмешак, танцаў, песняў – усё гэта разам з Богам! 

У першы дзень удзельнікі знаёміліся адзін з адным, з выхавацелямі. Дзяцей было дастаткова многа, амаль 250 чалавек. Адразу ж было дадзена заданне падрыхтаваць плакат і сцэнку на тэму кансэкраванага жыцця. Таму ўсе былі занятыя ўвесь дзень.

У аўторак маленькіх вернікаў чакала прэзентацыя атрадаў. Было вельмі цікава назіраць за тым, як разважаюць дзеці на дадзеную тэму, што для іх значаць такія словы, як манаства, касцёл. Як і заўжды, напрыканцы дня дзяцей чакаў цікавы мультфільм і невялікі падарунак.

Трэці дзень быў асабліва актыўным на Канікулах з Богам. Дзяцей чакалі спартыўныя спаборніцтвы, так званая “Паласа перашкод”. Таму не дзіўна было бачыць пад канец дня змучаныя, але шчаслівыя твары.

Чацвер у нашым лагеры быў творчым днем, галоўнай падзеяй якога з’яўляўся конкурс “Хвіліна славы”. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе на дзіва было шмат удзельнікаў: як маленькіх, так і дарослых. У капліцы панавала жывая атмасфера, гледачы з цікавасцю назіралі за выступленнямі і шчыра, не шкадуючы далоней, падтрымлівалі ўсіх, хто выходзіў на сцэну са сваімі нумарамі. Былі і ігра на кларнэце, і расказ вершаў, і танцы, і песні. 

У пятніцу дзяцей чакала чароўнае падарожжа ў Брэсцкую вобласць, у цудоўны горад Пінск. Але перад тым, як папасць у яго, яны пабывалі ў касцёлах у розных гарадах, такія як Дзятлава, Слонім, Лагішын. Былі таксама і ў сядзібе Тадэвуша Касцюшка, дзе нам расказалі ўсю гісторыю яго жыцця і паказалі, як жылі выхадцы са шляхты ў тыя часы. Нягледзячы на тое, што выехалі зусім рана, у Пінску аказаліся толькі ў другой палове дня. Там была экскурсія па гораду, потым дзеці паслухалі апавяданне мясцовага ксяндза пра касцёл, а затым іх чакала вячэра ў Пінскай духоўнай семінарыі.

Шосты дзень быў ужо не такім радасным, бо лагер падыходзіў да свайго завяршэння. Хацелася б яшчэ адзначыць, што на працягу гэтага тыдня ў канцы кожнага дня праводзіліся інтэлектуальныя віктарыны на розныя тэмы, а таксама конкурс малюнкаў. За актыўнае ўдзельніцтва як у конкурсах, так і у жыцці лагера, за перамогі ў спаборніцтвах было выпісана больш за 600 дыпломаў. Усе ўзнагароды і падарункі ўдзельнікі атрымалі ў нядзелю, 16 жніўня, пасля дзіцячай Імшы, на якой і адбылося закрыццё лагера.

Адпачынак – гэта заўседы добра. Але адпачынак разам з Богам – гэта нешта асаблівае, больш духоўнае і не зусім зямное. Далёка не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць вось так праз гульні, песні, танцы і ўсеагульную малітву адпачыць разам з Госпадам. Таму вельмі радасна, што існуе магчымасць хаця б тыдзень падарыць нябеснаму Айцу.

Паводле pijary.info