17 кастрычніка, у вігілію свайго патранальнага свята, Душпастырства службы аховы здароўя горада Гродна а 16.00 гадзіне сабралася ў Пабрыгіцкім касцёле на сваю традыцыйную сустрэчу. Свой трэці душпастырскі год супрацоўнікі служб аховы здароўя распачалі св. Імшой, якую цэлебраваў іх душпастыр кс. Андрэй Радзевіч. Кс. Андрэй звярнуўся таксама да вернікаў з казаннем, у якім, гаворачы пра постаць св. Лукі, прыгадаў словы Хрыста: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых Маіх братоў – вы зрабілі Мне”, звяртаючы тым самым увагу прысутных на тое, што ў асобе хворага яны дакранаюць пакутуючага Хрыста. Пасля св. Імшы адбылася традыцыйная сустрэча пры каве і гарбаце. Душпастырства шчыра запрашае ўсіх працаўнікоў служб аховы здароўя і прыгадвае, што спатканні адбываюцца ў кожную трэцюю нядзелю месяца ў Пабрыгіцкім касцёле а 16.00.