Чарговая сустрэча міністрантаў адбылася ў сценах нашай Alma Mater. Каля 37 юнакоў сабраліся на рэкалекцыі, каб правесці гэты благаслаўлёны час у малітоўным чуванні, разважаючы над уласным пакліканнем.
Створаныя ў семінарыі ўмовы вельмі дапамагалі ўдзельнікам сустрэчы адчуць тую атмасферу, якая пануе падчас духоўнай фармацыі будучых святароў: разважанне над Божым Словам, св. Імша, Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, спатканні ў групах, канферэнцыі, наведванне санктуарыя Найсвяцейшай Панны Марыі на Узгорку Надзеі, адпачынак на Аўгустоўскім канале і шмат іншага.
У гэтым годзе 7 міністрантаў з розных куткоў нашай дыяцэзіі пачулі ў глыбіні свайго сэрца Божы заклік і вырашылі зрабіць першы крок на шляху да наследавання Хрыста. Наперадзе іх чакаюць уступныя экзамены і вучоба ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Уступны экзамен адбудзецца 27 ліпеня а 10-й гадзіне ў будынку нашай семінарыі.
Паводле wsd.grodnensis.by