Сёння, 15 кастрычніка, Каталіцкі Касцёл успамінае Святую Тэрэсу ад Езуса. Тэрэса (поўнае імя – Тэрэса Санчас Сэпеда Д'авіла і Ахумада) нарадзілася ў Авілю Кастылья-Леонэ 28 сакавіка 1515 г. у мнагадзетнай багатай і ўплывовай сям'і. Яна вельмі рана навучылася чытаць і пазнаёмілася з багаслоўскімі кнігамі і нават, яшчэ будучы малой, разам са сваім братам збегла з дому, каб шукаць Святую Зямлю. Ведала таксама і мастацкую літаратуру, паміж іншымі, модныя ў той час рыцарскія раманы, і нават сама напісала адзін. Але пасля смерці маці, калі Тэрэсе было 12 гадоў, яе аддалі на выхаванне манахіням-аўгустынкам у Авілю. Праз васемнаццаць месяцаў з-за хваробы яна вярнулася дадому, да бацькі, які выхоўваў дзяўчыну з дапамогай родных, асабліва дзядзькі, які пазнаёміў Тэрэсу з лістамі св. Іераніма. Гэтыя лісты паўплывалі на рашэнне Тэрэсы прысвяціць сябе Богу.
Бацьку не падабалася гэтае рашэнне, ён лічыў, што багатая і адукаваная дзяўчына будзе добрай партыяй любому іспанскаму магнацкаму роду, таму ў лістападзе 1535 года дзяўчына пайшла з дома і ўступіла ў кляштар кармялітак у Авілю. У наступным годзе яна зноў сур'ёзна захварэла, і з гэтага часу ажно да смерці так і не здолела да канца выздаравець.
Праз год яна абвясціла, што да яе сайшоў Бог. Гэтыя містычныя бачанні непакоілі Тэрэсу, таму што яна лічыла сябе недастойнай іх. Тым часам аб гэтым ведаў ужо ўвесь Авіль. Тэрэсу падтрымалі св. Францыск Борджыа і св. Пётр з Алькантары, а таксама дамінікане, езуіты і іншыя святары. Яе духоўная біяграфія "Жыццё Тэрэсы, напісанае ёю самой" была скончана ў 1565 годзе. Дадаткі да гэтай кнігі пад назвай "Адносіны" і "Унутраны замак" былі напісаны пазней.
Падчас гэтага прамежку свайго жыцця Тэрэса мела містычныя бачанні, дзякуючы якім яна стала вядомай на ўвесь свет: яна бачыла ўласнае сэрца, якое пранізала таямнічае кап'ё. Яна адчувала і ведала, што яе сэрца пранізае анёл. Гэтак жа ёй адкрыўся яе лёс у пекле ў тым выпадку, калі яна адхіліцца з абранага шляху.
Тэрэса пачала рупіцца пра стварэнне новага жаночага ордэна і яго кляштараў, што, нягледзячы на шматлікія перашкоды, ёй удалося, і 24 жніўня 1562 года Тэрэса заснавала ў Авілю жаночы кляштар "басаногіх" сясцёр-кармялітак св. Юзафа. У ім было 12 сясцёр - па ліку апосталаў.
У верасні 1582 года, ужо старой і зусім хворай, Тэрэса накіравалася ў Альба-дэ-Торэс, дзе памярла 4 кастрычніка гэтага ж года. Праз некалькі гадоў яе цела было перавезена ў родны горад, але потым зноў вернута ў Альбу, дзе да гэтай пары захоўваецца несапсаваным. Сэрца Тэрэсы са слядамі пранізання таямнічым кап'ём могуць убачыць паломнікі - яно з'яўляецца адной з найважнейшых містычных рэліквій, якую ўшаноўваюць яе паслядоўнікі.
У 1614 годзе Тэрэса была бэатыфікавана, а ў 1622 годзе - кананізавана папам Грыгорыем XV. Яна залічана таксама ў лік Доктараў Касцёла, у якім усяго тры жанчыны.
Работы Тэрэсы Авільскай вельмі цікавыя, яны звяртаюцца да сэрца хрысціян жывымі метафарамі, гаворачы аб шляху душы да Бога.