Увечары 4 чэрвеня шматлікая колькасць вернікаў сабралася ў гродзенскай катэдры на супольную святую Імшу, якая распачала святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста – аднаго з галоўных святаў у нашым Касцёле.
Увогуле непасрэднай прычынай для ўстанаўлення свята Божага Цела сталі аб’яўленні благаслаўлёнай Юліяне (XIIІ ст.), настаяцельніцы кляштара аўгустынак у Бельгіі. Благаслаўлёная неаднойчы мела бачанне месячнага дыску з чорнай плямай, якое інтэрпрытавалі як знак адсутнасці сярод касцёльных святаў дня, прысвечанага Найсвяцейшаму Сакраманту.
Св. Імшу ў галоўнай святыні г. Гродна ўзначаліў кс. біскуп А. Кашевіч, які падчас гаміліі наблізіў таямніцу прысутнасці Хрыста ў гэтым свеце пад знакамі хлеба і віна:
- У Эўхарыстыі Езус застаецца з намі сёння і назаўсёды, аж да канца свету. Ён дае нам сілы, каб нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, мы маглі дайсці да краіны радасці.
Пасля св. Імшы распачалася Эўхарыстычная працэсія вуліцамі горада. Загадзя да гэтага былі падрыхтаваныя 4 алтары, насупраць катэдральнага, пабрыгідскага, пабернардынскага і францішканскага касцёлаў.
Падчас працэсіі вернікі разам са святармі і законнымі сёстрамі затрымоўваліся каля кожнага з алтароў, каб дзякаваць Богу за Яго блізкасць і праз Яго прыстунасць адкрываць у сабе любоў да Бога і бліжняга.
На заканчэнне працэсіі, на францішканскім узгорку, кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў усім пастырскага благаслаўлення і нагадаў заўсёды быць падрыхтаванымі да прыйсця Езуса:
- Ачысціце сэрцы свае і чакайце Яго прыйсця. А Ён прыйдзе напэўна! Не каб пазбавіць нас чагосьці, але каб даць і выратаваць нас.
Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая