Раніцай 16 мая дзеці з парафіі Святога Духа (Альшанка) прыступілі да Першай святой Камуніі. Доўгачаканая сустрэча маладых вернікаў з Эўхарыстычным Езусам адбылася ў гродзенскім францішканскім касцёле. Пакуль у Альшанцы ў вернікаў ёсць толькі невялічкая (каля 16 кв.м) капліца, якую пабудавалі за ўласныя сродкі, але ўжо праз тыдзень у Альшанцы адбудзецца ўрачыстае асвячэнне зямлі пад будаўніцтва новага касцёла.
Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Святога Духа ксёндз Павел Салабуда.
Падчас урачыстасці кс. Павел заклікаў дзяцей быць блізка Езуса не толькі ў гэты асаблівы дзень, але трываць у Ім штодня, сустракацца з Ім як мага часцей, каб адкрываць у сабе любоў да Яго і да бліжняга.
“Анёлкі, будзьце шчаслівымі!”, - пажадаў ксёндз пробашч сваім маленькім парафіянам напрыканцы набажэнства.
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская