Дыяцэзіяльныя дні моладзі ўжо скончыліся, але моладзь усё яшчэ застаецца пад вялікім захапленнем ад перажытага. Сёння ўдзельнікі ДДМ дзеляцца сваімі ўражаннямі з парталам.
Аня Барысевіч. Душпастырства моладзі “OPEN”, Гродна
Мне ўсё вельмі спадабалася. Я засталася пад вялікім уражаннем. Асабліва спадабалася тое, што кс. Антоні Грэмза стварыў новы рух – «Рух чыстых сэрцаў». Мы яго сапраўды доўга чакалі. Я ведаю мноства людзей, якія даўно прагнулі далучыцца да гэтага руху. Хацелася б адзначыць таксама высокі ўзровень арганізацыі ўсяго мерапрыемства, добразычлівыя адносіны людзей адзін да аднаго. У ДДМ я ўдзельнічаю 2-і раз, і дні моладзі ў Смаргоні мне спадабаліся больш, чым ДДМ у сваім родным Гродне ў мінулым годзе.
Віталій Снапко. Парафія Унебаўзяцця НМП, Жалудок
Больш за ўсё мне запомнілася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту - як для мяне, самая важная частка ДДМ. Спадабался катэхэза на тэму чысціні ў жыцці святара, якую прамовіў кс. Валерый Быкоўскі. Кс. Валерый вельмі файна і зразумела ўсё растлумачыў. Запалі ў душу ягоныя словы: «Калі святар дае зарок бясшлюбнасці – не можа мець жонкі і дзяцей – ён адначасова дае зарок нараджаць новых людзей для жыцця вечнага, жыцця з Богам».
Паша Тодрык. Парафія Гродна-Аўгустувак
Мне вельмі спадабался катэхэза, якую прамовіў кс. Уладзіслаў Сурвіла наконт таго, што мы павінны пастаянна захоўваць чысціню сэрца. Увогуле мне ўсё спадабалася, ніякіх негатыўных момантаў ці ўражанняў тут не магло быць, бо мы сабраліся, каб праслаўляць Бога.
Яўгеній Дыско. Парафія імя св. Яна Паўла ІІ, Смаргонь
Хачу сказаць, штэ гэтыя дні моладзі, гэтае свята, было першым у маім жыцці. Ўсё было цудоўна, чаканні апраўдаліся. Хвала Богу за добрае надвор’е, так як перадавалі дажджы, але сілай малітвы было даволі цёпла і сонечна. Хацелася б падзякаваць таксама арганізатарам ДДМ: святарам, манахіням, айцам-салезіянам, мясцовым уладам і кс. Антонію Грэмзе.
Наташа Катушонак. Парафія імя св. Францішка Ксаверыя, Гродна
Я ўжо трэці раз удзельнічаю ў ДДМ – мне вельмі падабаецца. Добра, калі на ДДМ едзеш у другі горад, а не калі яны праходзяць у тваёй роднай мясцовасці. Бо калі дні моладзі адбываюцца ў тваім горадзе, ты ўсё роўна на штосьці адхіляешся - на вучобу, работу і г.д. Але калі даводзіцца ехаць на ДДМ у іншае месца - ты забываеш пра ўсе свае справы і цалкам аддаеш сябе таму, што адбываецца: супольнай малітве, кантакту з людзьмі і г.д.
Душпастыр моладзі, арганізатар ДДМ, кс. Антоні Грэмза
Я шчаслівы, што ўсе запланаваныя пункты праграмы адбыліся. Парадаваў вельмі актыўны ўдзел моладзі ва ўсіх мерапрыемствах. У гэтым годзе ў ДДМ удзельнічала куды больш людзей, што патрабавала і большых намаганняў у арганізацыі. Але ў той самы час вялікая колькасць людзей стварыла незабыўную і яшчэ больш вясёлую атмасферу. Адзначу таксама, што сёлетняя тэма ДДМ “Чыстыя сэрцам бачаць Бога” была складаная, але нягледзячы на гэта, я бачыў, што моладзь яе зразумела і адгукнулася на яе.